Намеснік старшыні праўлення КХЛ: Ад Беларусі – хоць 4 клубы!
І мінскае “Юнацтва”, і “Гомель” маюць усе шанцы стаць другім беларускім клубам у Кантынентальнай хакейнай лізе.
Пакуль што мінскае “Дынама” застаецца адзіным прадстаўніком Беларусі ў КХЛ. Але намеснік старшыні праўлення Кантынентальнай хакейнай лігі Ўладзімір Таржкоў у інтэрв’ю Еўрарадыё распавёў, што ліга зацікаўленая і ў іншых камандах ад нашай краіны.
“Нашая ліга – абсалютна адкрытая, — кажа Уладзімір Таржкоў. — Ад Беларусі мы можам прыняць хоць 4 клубы! Зараз, напрыклад, мы актыўна разглядаем дакументы славацкіх каманд. І такое ўражанне, што “Леў” з Попрада сёлета будзе абсалютна гатовы, каб з наступнага сезона ўвайсці ў КХЛ. Каб толькі не насурочыць, бо летась у іх не атрымалася… Справа ў тым, што ёсць тры сукупнасці патрабаванняў. Першая — фінансавыя, каб былі выкананыя ўмовы, якія дазволяць клубу як мінімум год існаваць у лізе”.
А гэта найперш — нятанныя пералёты па ўсёй Еўразіі, ад Рыгі да Хабараўска, па некалькі разоў за сезон. Істотных укладанняў патрабуе таксама клубная інфраструктура. Іншыя патрабаванні датычацца стану арэны, якая будзе прымаць хатнія матчы клуба, і падтрымання, так бы мовіць, баяздольнасці каманды: патэнцыйныя аўтсайдары ў КХЛ не патрэбныя.
Яшчэ ў студзені галоўны трэнер мінскага “Юнацтва” Міхаіл Захараў казаў пра тое, што яго каманда здольная годна прадставіць Беларусь у Кантынентальнай хакейнай лізе. Маўляў, стратэгічнае рашэнне на ўзроўні Федэрацыі хакея Беларусі будзе прынятае ў бліжэйшы час. Але сёння ў размове з Еўрарадыё Міхаіл Міхайлавіч выказаўся больш сціпла:
“Фінансы — гэта пытанне №1. Усё астатняе, як кажуць, у нашай краіне ёсць. Асноўнае — гэта фінансаванне… Таму, як занясем дакументы, — тады і стэлефануемся!”
Па словах Захарава, у выніку ўдзелу ў КХЛ “Юнацтва” можа пераехаць у Бабруйск, дзе збудаваная “Бабруйск-Арэна” — адна з дзвюх беларускіх хакейных пляцовак, якія адпавядаюць патрабаванням КХЛ. Па падрабязнасці спецыяліст параіў звярнуцца ў Федэрацыі хакея. Генеральны сакратар ФХБ Яраслаў Заўгародні распавёў Еўрарадыё, што федэрацыя беларускія клубы ад удзелу ў КХЛ ніяк не стрымлівае:
“Дакументы ў КХЛ падае клуб. А ўзгадненне [з Федэрацыяй хакея Беларусі. — Заўв. Еўрарадыё] адбываецца пасля таго, як клуб падае ўсю інфармацыю ў лігу і атрымлівае дазвол. А мы мусім толькі пацвердзіць яго ўдзел”.
Няма заўважнага прагрэсу і ва ўзаемаадносінах Кантынентальнай хакейнай лігі з клубам “Гомель”. Яшчэ ў снежні 2009 года хакеісты з паўднёвай сталіцы Беларусі заяўлялі не проста пра гатовасць стаць “другім беларускім клубам у КХЛ”, але нават пра тое, што дасягнулі з кіраўніцтвам лігі пэўнай дамовы. Але ў 2010 годзе каманда сярод удзельніках КХЛ не з'явілася...
Прычынай, з якой удзел ХК "Гомель" у КХЛ адкладалася, у клубе называлі адсутнасць сучаснай хатняй пляцоўкі. Між тым, каманда з Гомеля таксама мог бы прэтэндаваць на правядзенне сваіх матчаў у “Бабруйск-Арэне”: ад Гомеля да Бабруйска нават на 20 кіламетраў бліжэй, чым ад Мінска…
“Мы гатовыя да таго, каб пашырацца, — працягвае Уладзімір Таржкоў. — Адно што — не хочацца рабіць гэта штучна. Новы клуб мусіць быць жыццяздольны. Не аднадзёнка. Такое нікому не цікава: ні клубу, ні лізе. Ні праблемы непатрэбныя па выцягванню клуба з фінансавых праблем, ні слабыя каманды, да якіх едзеш унікуды гуляць з немаведама кім…”
Па словах Таржкова, пакуль што месца ў КХЛ хопіць на ўсе вартыя клубы. Летась нават склалася сітуацыя, калі ў лізе была няцотная колькасць каманд, і, у выніку, у канферэнцыі “Захад” гуляла 11 каманд — на адну менш, чым ва Усходняй канферэнцыі. Так што яшчэ адзін клуб не пашкодзіў бы. Напрыклад, мінскае “Юнацтва”.
Уладзімір Таржкоў: “Юнацтва” — добрая каманда, вядомая ў Еўропе. Каманда моцная. З “Юнацтва” супраць нас у ветэранскім турніры чалавек 6 гуляла ў фінале [Паводле сайта КХЛ, падчас Каляднага турніру на прызы Аляксандра Лукашэнкі ў складзе каманды прэзідэнта Беларусі выйшаў цэлы шэраг хакеістаў “Юнацтва”. — Заўв. Еўрарадыё]. Так што я асабіста добра ведаю: “Юнацтва” — моцная каманда”.
Так што з пункту гледжання кіраўніцтва КХЛ сітуацыя выглядае наступным чынам: прыносьце свае дакументы хоць учора — мы разгледзім іх і пачнём кансультацыі. Цяпер справа за беларускімі клубамі.