Нацбанк: Банкі мусяць шукаць валюту не на біржы, а на рахунках кліентаў
Да 16 красавіка камерцыйныя банкі не змогуць атрымаць на біржы валюту для сваіх абменнікаў. На бліжэйшы месяц яе трэба было замаўляць, як кажуць, учора.
З 16 сакавіка замаўляць валюту на “Беларускай валютна-фондавай біржы” трэба за 30 дзён да пакупкі. Раней біржа прадавала замежныя грошы на наступны дзень пасля заяўкі.
Ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка, які з’яўляецца заснавальнікам БВФБ, Еўрарадыё пацвердзілі: да 16 красавіка на біржы будуць адбывацца толькі валютныя аперацыі, замоўленыя да 15 сакавіка ўключна. У прыватнасці гэта азначае, што цэлы месяц камерцыйныя банкі не змогуць набываць на біржы валюту для сваіх абменнікаў. Акрамя, натуральна, той, якую яны паспелі замовіць загадзя.
“Гаворка зараз ідзе толькі пра пакупку банкамі валюты на валютна-фондавай біржы. Але гэта не адзіны рынак валюты. Банкі абсалютна свабодна, без аніякіх перашкодаў могуць набываць валюту па-за БВФБ”, — тлумачыць Еўрарадыё кіраўнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў. І дадае, што праблем з пакупкай долараў і еўра ў беларусаў узнікнуць не павінна.
Анатоль Драздоў: “З валютнай выручкі, якая прыходзіць у краіну, прыкладна 20% у абавязковым парадку прадпрыемствы-экспарцёры прадаюць. У асноўным, яе набывае Нацбанк. Прыкладна 80% застаецца на рахунках прадпрыемстваў. Гэтая валюта знаходзіцца ў аператыўным распараджэнні банкаў. У той жа час, большая частка валюты ў краіне набываецца менавіта на біржы... А мы банкам кажам: калі кліент хоча набыць валюту — не абавязкова ісці на БВФБ! Банкі мусяць працаваць аператыўна: набываць валюту ў тых кліентаў, у каго яна ёсць, і прадаваць тым, каму яна патрэбная!”
Па словах Драздова, самы просты шлях, якім банкі могуць прыдбаць валюту — гэта набыць яе на біржы. А каб накіраваць у гандаль грошы са сваіх валютных рахунках, або знайсці долары на рахунках іншых банкаў, трэба парупіцца... Як вынік — апошнім часам у абменніках, у адказ на пытанне: “Чаму ў продажы няма долараў?” — усё часцей даводзіцца чуць нешта накшталт “Запытайцеся ў Нацбанка”.
“Гэтую адгаворку наконт Нацбанка я чую ўжо гадоў 15, — абураецца Анатоль Драздоў. — У камерцыйных банкаў заўжды вінаваты Нацбанк… Дарэчы, калі я даведаюся на адрас, дзе вам такое сказалі, гэты чалавек можа згубіць працу! Бо гэта няпраўда, яны дэзынфармуюць насельніцтва. 4/5 замежных грошай ляжыць на рахунках банкаў, але пры гэтым яны яшчэ імкнуцца выходзіць на біржу і набываць валюту з золатавалютных рэзерваў Нацбанка!”
Але незалежны аналітык Сяргей Чалы мяркуе, што нежаданне рабіць дадатковыя рухі — гэта далёка не адзінае, што прымушае камерцыйныя банкі звяртацца ў ведамства Пятра Пракаповіча:
“Ёсць у камерцыйных банкаў уласны капітал, свая пазіцыя. Натуральна, яны з яе могуць прадаць валюту кліентам. Але дзе гарантыя, што яны пасля змогуць узнавіць яе? Ну і ўявім, што яны распрадалі тую валюту, якая ў іх ёсць. Што далей?”, — мяркуе ён.
Па словах Чалага, міжбанкаўскі гандаль валютай зараз “тармозяць” нават не банкі, а прадпрыемствы-экспарцёры — тыя, якія і прыносяць на рахункі тыя 4/5 грошай з-за мяжы, пра якія кажа Анатоль Драздоў.
Сяргей Чалы: “Мы, відавочна, бачым, што Нацбанк не разумее глыбіні праблемы. Яны лічаць, што камерцыйныя банкі сядзяць на мяхах з валютай. А насамрэч сітуацыя такая: ОК, попыт на валюту камерцыйныя банкі бачаць, але дзе прапанова? Яны самі ніадкуль не могуць валюту ўзяць, акрамя Нацбанка. Які, як на дзіва, кажа: “Не-не-не, бярыце адно ў аднаго!” А што значыць адно ў аднаго, калі валюта дэфіцытная і яе паступленняў амаль няма? Які ідыёт у такіх умовах будзе яе аддаваць?”
Эксперты мяркуюць, што адзін з верагодных варыятнаў развіцця падзеяў такі: банкі і прадпрыемствы будуць гандляваць валютай праз “шэрыя” схемы, у якіх будуць задзейнічаныя фізічныя асобы. Якіх у нашай сацыяльна арыентаванай краіне абмяжоўваць нельга па змоўчанні.
Колькі пратрывае 30-дзённы тэрмін замовы грошай на пакупку замежнай валюты — у Нацыянальным банку не паведамляюць.
Анатоль Драздоў: “Гэта будзе залежыць ад сітуацыі… Проста ў залежнасці ад абставінаў”.