На судзе міліцыянты цвердзілі, што гандлявала... менавіта яна!

120329 Luka6uk Mironenko.mp3

Са снежня 2010 года жыхарка Гомеля Людміла Міроненка жыве ў чаканні чарговага міліцэйскага пратакола за тое, чаго не робіць. Як высвятляецца, каралі жанчыну за гандаль на вуліцы “з рук”, якім займаецца яе поўная цёзка.


“Гэта цэлы год здзекаў, прыніжэнняў, слёз! Колькі я слёз праліла — у мяне на нервовай глебе ногі адымаліся. Мне казалі: “Заплаці і не лі слёзы!” У мяне было 700 (тысяч рублёў штраф — Еўрарадыё), чатыры разы па 70 тысяч, а колькі разоў па 35 тысяч! Але я ў ні ў чым не вінаватая  — і я павінна плаціць?! На яе складаюць пратакол, а цягаюць мяне”, — скардзіцца Еўрарадыё Людміла Міроненка.


А ўсё з-за таго, што ў вулічнай гандляркі... няма пашпарта. Дакладней, жанчына жыве па пашпарце савецкага ўзору. І міліцыянеры ў пратаколах толькі пазначалі яе поўнае прозвішча, якое цалкам супадае з ініцыяламі іншага чалавека. Калі ж справа даходзіла да прысуджэння штрафа, то адказныя за адміністрацыйныя працэдуры людзі забівалі прозвішча ў камп’ютар, а база выдавала чалавека з такімі ініцыяламі — тую Людмілу Міроненка, якая ніколі “з рук” не гандлявала!


Людміла найбольш пакрыўджаная на міліцыянераў, якія складалі пратаколы на “гандлярку” і на судзе цвердзілі, што гандлявала... менавіта яна!


Людміла Міроненка: “Суддзя пытаецца: “Вы гэтую жанчыну затрымлівалі, пратакол складалі?” А ён і адказвае: “Так — гэта яна. Я на яе пратакол складаў — яна!”


Суд прызнаў: жанчына не вінаватая, плаціць ніякіх штрафаў не трэба. Ад міліцыянераў выбачэнняў яна так і не дачакалася. Таму, калі раней планавала спыніць сваю барацьбу за справядлівасць у адказ на прабачэнні, зараз плануе паход “па галовы”.


Людміла Міроненка: “Калі б іх усіх пакаралі, каб яны згубілі працоўныя месцы, для мяне гэта было б большай узнагародай, чым гэтыя 10 мільёнаў”.


У аддзеле ўнутраных спраў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля Еўрарадыё ўпэўніваюць, што першы раз чуюць і пра Людмілу Міроненку, і пра суд, і пра блытаніну з дзвюма жанчынамі з аднолькавымі ініцыяламі.


Падаваць жа ў суд на міліціянераў за ілжывыя сведчанні Людміла Міроненка пакуль не плануе. А суддзя суда Савецкага раёна Гомеля Юрый Валашыненка адмаўляецца даваць прававую ацэнку дзеянням супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Нягледзячы на тое, што сам зняў усе прэтэнзіі ў судзе. Аднак іск са спагнаннем 10 мільёнаў рублёў кампенсацыі за маральныя страты не задаволіў.


Юрый Валашыненка: “У законе дакладна прапісаныя ўсе падставы, калі маральная шкода кампенсуецца і калі — не. Разглядаецца канкрэтная сітуацыя і перакладаецца на ўстаноўленыя абставіны. Яна напісала скаргу, справа накіраваная ў абласны суд. Абласны суд перагледзіць маё рашэнне і паставіць кропку”.


Еўрарадыё будзе сачыць за гэтым скандалам.