МЗС Славакіі: Амбасадары ЕС вернуцца ў Мінск адразу пасля 23 красавіка

Пра гэта падчас сустрэчы з карэспандэнтам Еўрарадыё паведаміў дырэктар Дэпартамента Усходняй Еўропы, Паўночнага Каўказа і Сярэдняй Азіі Міністэрства замежных спраў Славакіі Мар’ян Якубоцы.


Мар’ян Якубоцы: Менавіта зараз вырашаем з Бруселем, як гэтую праблему вырашаць. Мы хочам, каб адбылося вяртанне. Бо без амбасадараў нам не абысціся. Ёсць, безумоўна, і намеснікі, яны таксама добрыя дыпламаты, але калі амбасадар — прадстаўнік краіны. І каб амбасады маглі нармальна працаваць, для гэтага неабходны амбасадар. 


Еўрарадыё: Ёсць нейкія ўжо магчымыя тэрміны вяртання? Прынамсі, МЗС Славакіі на нейкіх датах настойвае перад Бруселем?


Мар’ян Якубоцы: Спачатку ў нас была пазіцыя: чым раней — тым лепш. Адкліканнем амбасадараў мы хацелі прадэманстраваць нашу салідарнасць з амбасадарамі ЕС і Польшчы. Хацелі паказаць адзінства еўрапейскай палітыкі. І тады ў нас была дыскусія на тэму — як амбасадары змогуць вярнуцца, ці не будзе перашкодаў боку беларускіх уладаў. Зараз сітуацыя такая, што будзе дыскусія на тэму: вяртацца ім яшчэ да пасяджэння Савета міністраў замежных спраў — да 23 красавіка, альбо пасля. Мы лічым, што вяртацца неабходна пасля 23 красавіка. Цягам некалькіх дзён. Магчыма — тыдня. Але — не больш як праз два тыдні пасля гэтай даты. Ёсць яшчэ пытанне, як арганізаваць вяртанне: усе разам, не ўсе разам ці проста вярнуцца і ўсё. 


Еўрарадыё: Гэтыя кансультацыі звязаныя з вызваленнем Саннікава і Бандарэнкі?


Мар’ян Якубоцы: Безумоўна, сваю ролю грае тое, што адбылося ў суботу і нядзелю. Нас гэта вызваленне абрадавала чыста па-чалавечы: людзі не будуць сядзець у турме і могуць вярнуцца да сваіх сем’яў. Да нармальнага, наколькі гэта магчыма, жыцця. Але гэта толькі пачатак працэсу, які мы хочам, каб быў завершаны. Каб усе палітвязні былі вызваленыя і, што важна, каб была іх рэабілітацыя.


Еўрарадыё: Пад рэабілітацыяй вы маеце на ўвазе медыцынскую дапамогу ці нешта большае?


Мар’ян Якубоцы: Наколькі я ведаю, паводле вашага заканадаўства такія людзі не могуць нейкія функцыі выконваць. Да прыкладу, быць кандыдатам у прэзідэнты. Але ёсць такі тэрмін, як палітычная рэабілітацыя. Вось гэта мы і маем на ўвазе.

 
Еўрарадыё: Ці магчыма, што ў адказ на гэтыя вызваленні ЕС здыме частку санкцый з Беларусі?


Мар’ян Якубоцы: Пакуль мы гэта пытанне не разглядаем. 


Еўрарадыё: Ці будзе 23 красавіка міністрамі разглядацца “беларускае пытанне”?


Мар’ян Якубоцы: Пакуль яшчэ не. Рэч у тым, што Еўрапейскі саюз — гэта супольнасць краін, якія жывуць не толькі паводле “нармальных” законаў, але і паводле законаў бюракратыі. І каб ўнесці ў парадак дня нейкае пытанне, неабходна прайсці пэўную працэдуру. І гэта залежыць ад сітуацыі — наколькі гэта пытанне важнае. Пакуль, на наш погляд, неабходна сачыць за абстаноўкай. Бо можна ўнесці гэта пытанне, але што мы будзем абмяркоўваць? Мы не забыліся пра пытанне санкцый і будзем ім таксама займацца. Але для гэтага ўжо няма неабходнасці ўносіць пытанне ў праграму пасяджэння.


Еўрарадыё: У Славакіі зусім нядаўна змяніўся ўрад, змяніўся міністр замежных спраў. А як зменіцца палітыка вашай краіны ў адносінах да Беларусі?


Мар’ян Якубоцы: Урад змяніўся, але наша краіна застаецца ў Еўрасаюзе. І таму палітыка нашай краіны ў дачыненні да таго, што адбываецца ў Беларусі, не змянілася. А паколькі ў Беларусі сітуацыя не змянілася, то я і не бачу прычын для таго, каб змянялася наша палітыка. Верагодна, што мы будзем шукаць шляхі, з дапамогай якіх можна прыйсці да таго, каб палітычныя зняволеныя былі як мага хутчэй вызваленыя. Наш міністр займаўся Беларуссю, ён вельмі добра валодае гэтым пытаннем. Магчыма, ён будзе шукаць нейкія шляхі для перамоў, каб з іх дапамогай змяніць складаную сітуацыю ў Беларусі.  
Еўрарадыё: Як вы лічыце, ці з’яўляюцца эфектыўнымі санкцыі ЕС у дачыненні да Беларусі?


Мар’ян Якубоцы: 23 сакавіка было пасяджэнне Савета Міністраў, а 14 красавіка пачалі выпускаць палітзняволеных. Адпаведна, я бачу тут уплыў рэжыму санкцый.