МЗС: Новыя санкцыі ЗША прымем да ведама

Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

“Санкцыі ЗША — гэта аднабаковыя санкцыі, гэта звычайная практыка Злучаных Штатаў Амерыкі, і ў гэтым для нас няма нічога новага. Таму, мы проста прынялі гэтае рашэнне да ведама”.

Нагадаем, ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць шэрагу юрыдычных і фізічных асобаў у Беларусі, Кітаі, Венесуэле, Іране, Сірыі і Судане. Фігурантам спісу інкрымінуецца парушэнне пунктаў амерыканскага закона аб нераспаўсюджванні зброі масавага знішчэння ў дачыненні да Ірана, Паўночнай Карэі і Сірыі. Як паведаміў дзярждэпартамэнт ЗША, санкцыі ўжываюцца ў дачыненні да дзвюх арганізацый з Беларусі — кампаніі "ТМ Сэрвісіз" (TMS) і кіраўнічай кампаніі холдынгу радыёлакацыйных сістэм (КБ "Радар") ды іх даччыных кампаній.

Як нагадвае Радыё “Свабода”, эканамічныя санкцыі ЗША ўпершыню ўвялі ў чэрвені 2006 года супраць двух прадпрыемстваў канцэрна "Белнафтахім".

У красавіку 2008 года гэтыя санкцыі былі распаўсюджаныя на ўсе прадпрыемствы, што ўваходзяць у яго склад. За два наступныя гады таваразварот паміж Беларуссю і ЗША зменшыўся ў чатыры разы.

У жніўні 2010 года Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць двух беларускіх банкаў, якія маюць іранскі капітал, — ЗАТ "Онэрбанк" і "Банк гандлёвы капітал". Санкцыі былі ўхваленыя ў сувязі з іранскай ядзернай праграмай.

У сакавіку 2011 году ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускага дзяржаўнага канцэрна "Беларуснафта" — за яго дзейнасць у Іране. У жніўні таго ж года Міністэрства фінансаў ЗША выдала загад аб увядзенні эканамічных санкцыяў супраць 4 беларускіх прадпрыемстваў — "Белшына", "Гродна-Азот", "Гродна-Хімвалакно" і "Нафтан". Грамадзянам ЗША былі забароненыя любыя камерцыйныя здзелкі з гэтымі прадпрыемствамі, а любыя актывы гэтых прадпрыемстваў у ЗША, калі яны існуюць, замарожваліся.

У траўні 2011 году ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць кампаніяў "Белтэхэкспарт" і "БелОМА".

Санкцыі ЗША Мінскаму заводу колавых цягачоў не пагражаюць?

Фота — belarus.by