МЗС Беларусі рэкамендуе не ехаць у Японію “да стабілізацыі абстаноўкі”

Як заявіў 17 сакавіка на брыфінгу ў Мінску прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных, беларускі бок уважліва аналізуе афіцыйную інфармацыю кампетэнтных органаў Японіі ды экспертаў МАГАТЭ.

“Сітуацыя дастаткова складаная. У сувязі з гэтым мы рэкамендуем беларускім грамадзянам устрымацца ад паездак у гэту краіну да стабілізацыі абстаноўкі”, — заявіў Савіных.
 
Амбасада Беларусі ў Японіі працуе ў звычайным рэжыме. На дадзены момант яна ўсталявала аператыўныя кантакты з 75 беларускімі грамадзянамі, паведамляе БелаПАН.