Міжнародная назіральная місія фіксуе факты пераследу праваабаронцаў
Міжнародная назіральная місія падрыхтавала аналітычную даведку аб становішчы праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый у Беларусі.
Разглядаецца перыяд з 12 студзеня па 8 сакавіка. У гэтым дакуменце Місія Камітэта міжнароднага кантролю за выкананнем правоў чалавека Беларусі прадстаўляе аналіз сітуацыі і сістэматызаваную падборку фактаў ўмяшання ў дзейнасць праваабарончых арганізацый, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".
"Дзеянні ўладаў у дачыненні да праваабаронцаў па-ранейшаму носяць характар, які пагражае асабістай бяспецы праваабаронцаў і перашкаджае рабоце праваабарончых арганізацый",- гаворыцца ў даведцы.
"Новымі пагрозамі грамадзянскай супольнасці Беларусі можна лічыць вынясенне папярэджанняў праваабарончым арганізацыям і іх кіраўнікам, якія могуць прывесці як да закрыцьця зарэгістраваных арганізацый (выпадак з Беларускім Хельсінскім Камітэтам), так і да крымінальнай пераследу іх актывістаў (выпадак з Алесем Бяляцкім).
Можна сказаць, што падобныя дзеянні ўладаў Беларусі сведчаць аб іх нежаданні прытрымлівацца шматлікіх рэкамендацый па прывядзенню нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі свабоды асацыяцый", - сцвярджаецца ў дакуменце.
"У сувязі з тым, што сітуацыя, па сутнасці, мала змянілася, агульныя рэкамендацыі Міжнароднай назіральнай місіі, накіраваныя на паляпшэнне і стабілізацыю сітуацыі з гарантаваннем свабоды дзейнасці праваабарончых арганізацыяў у Беларусі, застаюцца актуальнымі", - сцвярджаюць аўтары даведкі.