Мінскае "Дынама" захавае гімн, запісаны "Палацам"
Каманда не адмовіцца ад песні, нягледзячы на тое, што гурт Алега Хаменкі трапіў у "чорны спіс".
Хакейны клуб "Дынама" (Мінск) не збіраецца адмаўляцца ад свайго гімна, які летась запісаў беларускі фолк-гурт "Палац". Пра гэта паведаміў Еўрарадыё старшыня цэнтральнага савета Беларускага фізкультурна-спартовага таварыства "Дынама" Юрый Бародзіч:
Юрый Бародзіч: "Ніякіх афіцыйнах дакументаў на гэты конт не атрымліваў ні клуб, ні БФСТ "Дынама". Мы займаемся спортам і арыентуемся на тое, што сёння падабаецца нашым заўзятарам. Мне асабіста гэты гімн таксама падабаецца. Ён мае нацыянальны каларыт. Адрозніваецца ад іншых гімнаў, рытмічны такі. Яго выконваюць на народных інструментах. І ўспрымаецца ён вельмі добра".
Нагадаем, прэм'ера новага дынамаўскага гімна адбылася 6 верасня 2010 года. Тэкст песні напісаў бард Алесь Камоцкі, музыку — гурт "Палац". Аднак сёлета гурт "засвяціўся" у спісе з непажаданых для публічнага згадвання культурных дзеячоў, нібыта распаўсюджаным па беларускіх медыях. Афіцыйна існаванне гэтага "чорнага спіса" не пацверджана.