Міліцыянты заўважылі “непадпарадкаванне” кандыдата толькі праз 10 дзён

Тады на падставе пратакола міліцыянты правялі асабісты дагляд кандыдата ў дэпутаты Мікалая Уласевіча, дагляд аўтамабіля і зладзілі ператрус у доме. Але канфіскацыяй 116 бюлетэняў “Прававой дапамогі насельніцтву” і агітацыйных улётак АГП “За сумленныя выбары без Лукашэнкі” справа не завершылася.

Мікалай Уласевіч: “Тэрмін — 10 дзён, калі яны павінны былі скласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Але, відаць, у іх нічога не выгарала з “распаўсюдам”, бо яны нічога асаблівага не знайшлі і ніякіх доказаў у іх няма. Дык яны праз 10 дзён вырашылі зрабіць больш моцны ход — нібыта я выказаў непадпарадкаванне ім, і ўчора яны хацелі скласці пратакол”.

Астравецкі актывіст не падпісаў пратакол. Маўляў, калі ён выказваў нейкае непадпарадкаванне 21 верасня, то неабходна было пратакол з гэтай нагоды складаць на месцы. У той жа час Мікалай Уласевіч упэўнены, што рашэнне суда ўсё адно будзе не на яго карысць.

Фота — svaboda.org