Міліцыянер, паранены падчас перастрэлкі ў Мінску, працягне службу
Паводле слоў міністра ўнутраных спраў, міліцыя закончыла службовую праверку. Следчы камітэт разбіральніцтва працягвае.
Оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку, паранены падчас перастрэлкі ў Мінску, “аднавіў здароўе і будзе служыць далей”. Пра гэта паведаміў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
Ігар Шуневіч: “Разбіральніцтва па гэтым факце завершана — наша ўнутранае разбіральніцтва, і матэрыялы службовай праверкі мной вывучаныя. Адпаведныя рашэнні Міністэрства ўнутраных спраў прыняло; і комплекс мер, якія мы для сябе вызначылі, спадзяюся, дазволяць у будучыні пазбегнуць такіх выпадкаў”.
Што гэта за рашэнне, міністр не ўдакладняе. Як нічога не вядома і пра тое, ці быў нехта пакараны.
Нагадаем, 8 студзеня прапаршчык ППСМ Ігар Іванчык і старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Маскоўскага РУУС прыехалі па выкліку да чалавека, які, згодна з інфармацыяй відавочцаў, страляў з пісталета па сабаку. Прыехалі без бронекамізэлек, групы падтрымкі і ўсяго таго, што, па логіцы, мусіла быць задзейнічанае ў такой сітуацыі. У выніку Іванчык загінуў, а оперупаўнаважаны з раненнем нагі трапіў у лякарню.
Сваю праверку па факце забойства міліцыянера працягвае і Следчы камітэт, распавядае Еўрарадыё прадстаўнік гэтай структуры Юлія Ганчарова.
Юлія Ганчарова: “Па гэтай крымінальнай справе ўсе гэтыя абставіны — парадак выезду, бронекамізэлькі і гэтак далей — у абавязковым парадку ўваходзяць у “прадмет даказвання” і падлягаюць вывучэнню падчас следства. Таму следчымі яны ўстанаўліваюцца. Пасля вывучэння ім будзе дадзена адпаведная прававая ацэнка”.
Праўда, гэта не азначае, што з кагосьці ў выніку “паляцяць пагоны”. Паводле Юліі Ганчаровай, па заканчэнні расследаванне будзе прынятае рашэнне альбо "аб накіраванні прадстаўлення па выкараненні прычынаў і ўмоў для здзяйснення злачынстваў”, альбо — “аб унясенні зменаў у адпаведны дакумент”. Але былы міністр унутраных спраў Юрый Сівакоў у тым, што пагоны з некага абавязкова павінны “паляцець”, не ўпэўнены.
Юрый Сівакоў: “Шашкай галовы секчы — вялікага розуму не трэба! А зрабіць адпаведныя высновы з тым, каб пасля гэтага выпадку прыняць адпаведныя рашэнні і не дапусціць у будучыні такіх выпадкаў, — гэта было б правільна”.
Як адзначае экс-міністр, на ўсе выпадкі АМАПа і спецназа “не назапасішся”. І таму супрацоўнікі патрульна-паставой службы павінны быць навучаныя і забяспечаныя такім чынам, каб і ў сітуацыях такога кшталту яны маглі дзейнічаць, не рызыкуючы ўласнай бяспекай. Праўда, і цалкам віны з тых, хто іх выправіў на выезд, Сівакоў не здымае.
Юрый Сівакоў: “У прынцыпе, гэтыя хлопцы атрымалі загад, пайшлі і выканалі свой абавязак. А вось той, хто імі кіруе, хто прымаў рашэнні, той павінен несці адказнасць. І маральную, і адміністрацыйную”.
І сёння, дадае экс-міністр МУС, кіраўніцтва палка ППСМ павінна патурбавацца ўзроўнем падрыхтоўкі і прафесійнай абароненасці сваіх падначаленых.