Магілёўскі актывіст аспрэчвае ў судзе вынікі ператрусу
Лідэр Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ "Адраджэнне" Зміцер Салаўёў падаў сёння скаргу ў суд на дзеянні праваахоўнікаў у часе ператрусу.
Ён патрабуе ад Ленінскага раённага суду Магілёва прызнаць незаконнымі доказы, здабытыя 15 студзеня ў час ператрусу ў яго кватэры і забараніць іх выкарыстанне ў ходзе следства. Салаўёў таксама патрабуе вярнуць яму канфіскаваныя пасля ператрусу кампутар, відэакамеру, флешку і два бел-чырвона-белых сцягі.
У якасці абгрунтавання сваіх патрабаванняў ён прыводзіць пералік дапушчаных у часе ператрусу парушэнняў.
Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель падтрымлівае такія дзеянні Салаўёва. "Крымінальную справу ў дачыненні да ўдзельнікаў Плошчы распачалі неабгрунтавана, і таму нельга даваць магчымасць выкарыстоўваць незаконна здабытую інфармацыю супраць гэтых актывістаў", — прыводзіць словы Бухеля "Праваабарончая хроніка".