Маёмасць Бяляцкага канфіскуюць, каб знішчыць “Вясну”?

111123 Luka6uk Bialacki_0.mp3

Пракурор запатрабаваў пакараць кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага 5 гадамі калоніі строгага рэжыма з канфіскацыяй маёмасці. У адказ адвакат Дзмітрый Лаеўскі аспрэчыў усе доказы віны Бяляцкага і запатрабаваў прызнаць яго цалкам невінаватым. Сам жа Алесь Бяляцкі дадае: улады намагаюцца знішчыць праваабарончы рух у краіне. І працэс над ім, а таксама пакаранне, запатрабаванае пракурорам, — сведчанне гэтаму.



З такім меркаваннем цалкам згодны і паплечнік Алеся Бяляцкага Валянцін Стэфановіч. І ў складаную сітуацыю “Вясну”, паводле яго словаў, паставіць не толькі адсутнасць кіраўніка ў выніку абвінаваўчага прысуда. Пад канфіскацыю, на якой настойвае пракурор, трапляе мінская кватэра Бяляцкага, дзе зараз месціцца офіс “Вясны”. А без яго праваабаронцы апынуцца на вуліцы.

Валянцін Стэфановіч: “Уладам не скарыстацца магчымасцю адабраць офіс у “Вясны” і не стварыць дадатковыя праблемы для арганізацыі — з іх пункту гледжання не лагічна так было б дзейнічаць. Таму, я асцерагаюся, што прысуд будзе жорсткі, звязаны з пазбаўленнем волі і з канфіскацыяй маёмасці. А таму — у нас будуць праблемы з офісам”.

На тое, што канфіскацыя маёмасці Алеся Бяляцкага балюча ўдарыць па ўсёй іх арганізацыі, звяртае ўвагу і калега падсуднага Таццяна Равяка. Без кіраўніка і без офіса нармальна выконваць праваабарончую працу ім будзе складана.

Таццяна Равяка: “Нельга сказаць, што для нас гэта проста і лёгка — аднавіць працу ў ранейшым аб’ёме і без кіраўніка арганізацыі. Мы гэтым займаемся ўвесь час знаходжання Алеся пад вартай (з 4 жніўня — Еўрарадыё). А ў выпадку пазбаўлення нас офіса мы будзем шукаць месца, дзе мы зможам працягнуць нашую дзейнасць. У любым выпадку, дзейнасць усяго праваабарончага цэнтра “Вясна” не спыніцца”.




Не сумняецца ў тым, што ў справе Бяляцкага больш палітыкі, чым эканомікі, і кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Саша Кулаева. Да таго ж яна вельмі нізка ацэньвае падрыхтоўку да працэсу абвінаваўчага боку.

Саша Кулаева: “Абвінавачванне ўразіла нас сваёй неабгрунтаванасцю. Доказная база была надзвычай слабой, дакументы былі аформленыя з парушэннем усіх магчымым нормаў і законаў. Цэлы шэраг сведчанняў дэманстраваў палітычную волю, што стаіць за гэтым працэсам, і адсутнасць элементарных спроб прытрымлівацца нормаў законнасці”.




Знайшла шмат фармальных парушэнняў у гэтай справе і адвакат Тамара Сідарэнка. Дарэчы, менавіта яна абараняла ў судзе экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева.

Тамара Сідарэнка: “Справа расследаваная няважна, кажучы проста. У справе няма бясспрэчных доказаў. І гэта вельмі сумна, калі асноўныя доказы доказамі не з’яўляюцца, але на іх падставе будзе вынесены абвінаваўчы прысуд”.




У той жа час калегі Алеся Бяляцкага не спадзяюцца на тое, што яго праз пэўны час вызваляць — пасля пэўнага гандлю з Захадам. Валянцін Стэфановіч сцвярджае, што ўлады спынілі гандаль палітзняволенымі.

Валянцін Стэфановіч: “На гэта ўскосна ўказвае тое, што працэс вызвалення палітвязняў увогуле спыніўся. І па пэўнай інфармацыі, ніхто ні ад каго больш не патрабуе ніякіх памілаванняў і гэтак далей”.




Але сцвярджае, што рэакцыя міжнароднай супольнасці на прысуд Бяляцкаму на Захадзе будзе вельмі жорсткай. А старшыня савета праваабарончага цэнтра “Мемарыял” Алег Арлоў абяцае, што будзе звяртацца па дапамогу да ўладаў Расіі.

Фота: Змітра Лукашука