Людміла Дзенісенка са "Справядлівага свету" стала кандыдатам у дэпутаты
ЦВК разглядае скаргі на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Нагадаем, агулам у ЦВК былі пададзеныя 55 скаргаў. Іх будуць разглядаць на працягу трох дзён.
***
Абвешчаны перапынак, пасля якога будуць разглядаць скаргі з Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцей.
***
Павел Казлоўскі (былы міністр абароны), Рыгор Лепін і Людміла Мірзаянава (усе з Аб'яднанай грамадзянскай партыі), Віктар Новікаў (Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”), Аляксей Макараў і Зміцер Бабей прапусцілі
трохдзённы тэрмін абскарджвання рашэння акруговых камісіяў. Яны даслалі
свае скаргі 26 жніўня (Новікаў — 25-га) — праз 4 дні пасля адмовы ў
рэгістрацыі. ЦВК адмовіў ім усім у разглядзе скаргаў.
***
Рыгор Яраслававіч Грык , Баранавіцкая-Усходняя выбарчая акруга №6. Заяўлена, што ў яго 62 подпісы несапраўдныя. Нават калі іх адняць — у яго было 1076 — застанецца больш за 1 тысячу, а гэта дастаткова. Але больш за 15% ад правераных подпісаў — несапраўдныя.
Старшыня акруговай камісіі: “У Рыгора Грыка сёння суд па аднаўленні на месцы працы, таму ён прыехаць не змог. Магу сказаць, што выпадак Грыка незвычайны. Днямі да нас звярнулася Лойка Анжэла Мадэстаўна, яна нават напісала ў акруговую камісію заяву: “Грык прыходзіў да мяне і пагражаў судом, калі я не напішу ў акруговую камісію, што я сама паставіла дату і подпіс у падпісным аркушы”. Грык прыйшоў да нас і сказаў, што мае 20 заяваў ад людзей, якія абскарджваюць пастановы акруговай камісіі. Мы паспрабавалі знайсці гэтых людзей і зараз маем 18 заяваў пра тое, што Грык прыходзіў да выбаршчыкаў, аказваў на іх падобны ціск”.
Сяргей Калякін (старшыня Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", сябра ЦВК з правам дарадчага голаса): "То бок, ёсць 18 чалавек, якія спачатку сказалі вам, што не ставілі дату побач са сваім подпісам, пасля сказалі Грыку, што ставілі дату самі, а пасля ізноў сказалі, што не ставілі дату?"
Старшыня акруговай камісіі: "Так!"
Сяргей Калякін: "То бок, людзі ці не памятаюць, ці даюць адказы ў адпаведнасці з абставінамі. А абставіны бываюць рознымі! Калі да людзей прыходзяць людзі з дзяржаўных структураў, яны адпаведна сябе паводзяць… Відавочна, што падобныя апытанні не даказваюць факты парушэння працэдуры. Нагадаю Мікалаю Лазавіку, што норма — ставіць дату побач з подпісам — была ўведзеная менавіта для таго, каб можна было правесці графалагічную экспертызу. Пакуль гэтая экспертыза не праведзеная — акруговая камісія не даказала, што подпісы не сапраўдныя. А паводзіны прэтэндэнта ў кандыдаты сведчаць, што ён упэўнены: праўда на яго баку. І тое, што ён гатовы дайсці да суда, сведчыць пра гэта ж".
Лідзія Ярмошына: "Лічу, што акруговая камісія зрабіла вялікую і дбайную працу па праверцы подпісаў Рыгора Грыка і мела юрыдычныя падставы для таго, каб адмовіць яму ў рэгістрацыі. Выношу пастанову на галасаванне: хто за тое, каб скаргу задаволіць?"
Нікога.
Лідзія Ярмошына: "Хто за тое, каб у скарзе адмовіць?"
Аднагалосна.
***
Дмітрый Васілевіч Аўгуст, Баранавіцкая-Усходняя акруга №6. Ён выступае на паседжанні: “Я займаўся зборам подпісаў сам. Гэты працэс кантраляваў вельмі пільна. Але ўсё ж такі акруговая камісія дачапілася да 66 подпісаў. Я лічу, што гэтыя прэтэнзіі не маюць пад сабой падставаў. Да сваёй скаргі я прыклаў 5 тлумачальных ад людзей, подпісы якіх былі прызнаныя несапраўднымі. Яны сцвярджаюць, што сапраўды самі ставілі і дату, і подпіс на аркушы. З сабой у мяне яшчэ 5 такіх тлумачальных цыдулак. Лічу, што акруговая камісія падыйшла да пытання праверкі подпісаў некампетэнтна. Прашу адмяніць яе рашэнне і даць мне магчымасць быць кандыдатам у дэпутаты”.
Пытанне ад сябраў ЦВК: "Ці мелі вы магчымасць азнаёміцца з прэтэнзіямі, якія мае да вашых подпісаў акруговая камісія, да яе пасяджэння, па выніках якога вам было адмоўлена ў рэгістрацыі?"
Дзмітрый Аўгуст: “Мне далі прагледзець іх непасрэдна перад пасяджэннем камісіі, аднак магчымасцяў даць тлумачэнні ў мяне не было. Не было і магчымасці падрыхтаваць апеляцыю. А выказацца мне далі толькі тады, калі рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі было прынятае. Я прагледзеў подпісы, якія былі прызнаныя несапраўднымі. Пяць запар ад аднаго дома, пяць запар ад іншага. Але я памятаю, як я збіраў гэтыя подпісы, прэтэнзіяў да іх быць не можа. Дадам, што я не апазіцыянер, я проста чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Я хачу прыносіць карысць акрузе, у якой я жыву ўжо шмат гадоў”.
Старшыня акруговай выбарчай камісіі: “Ёсць дзве заявы ад выбаршчыкаў, якія кажуць, што подпісы, пастаўленыя за Аўгуста, збіралі на іншых кандыдатаў. У прыватнасці, жыхар выбарчай акругі Гезун сцвярджае, што, калі ставіў подпіс, яму сказалі, што подпісы збіраюцца за ўрача”.
Сяргей Калякін (сябра ЦВК з правам дарадчага голаса): "Якія ў вас ёсць доказы таго, што людзі, не самі ставілі дату побач са сваімі подпісамі?"
Старшыня акруговай выбарчай камісіі: “Мы пыталіся пра гэта ў людзей. Яны пацвярджалі, што подпіс ставілі самі. А вось наконт даты вагаліся. І некаторыя казалі, што дату ставілі самі зборшчыкі подпісаў. Усё гэта фіксавалася ў актах, якія выбаршчыкі падпісвалі”.
Сяргей Калякін: "То бок, ніякіх дакументальных доказаў няма?"
Старшыня акруговай выбарчай камісіі: “Няма”.
Дзмітрый Аўгуст здаў 1017 подпісаў. Два выкрэслілі як несапраўдныя. 1015-66=949. Да тысячы не хапае.
Калякін і Лялькоў (сябры ЦВК з правам дарадчага голаса) глядзяць на падпісныя аркушы, на якіх, быццам бы, дату і подпіс ставілі розныя людзі.
Дзмітрый Аўгуст: “Я патлумачу. Людзі, да якіх прыходзілі з праверкай з акруговай камісіі, казалі “я не памятаю”, а не “я не ставіў дату сам”. Я апытаў 10 чалавек, якія мне патлумачылі гэта”.
Лідзія Ярмошына: "Чаму тады ў вас два подпісы атрыманыя падманам?"
Дзмітрый Аўгуст: “Вось, напрыклад, Фамічова. Яе подпіс у мяне ў падпісных аркушах, вы можаце паглядзець на яго. Там жа яе пашпартныя звесткі. Як такое можа быць, што яна цяпер сцвярджае, што не ставіла подпіс за мяне? Гэта абсурд!”
Сяргей Калякін: "Каб пацвердзіць, што даты ставіў не выбаршчык, трэба рабіць адмысловае даследаванне. Тое, што людзі падпісаліся за гэтага чалавека, сведчыць, што Аўгуста сапраўды падтрымліваюць. Ніхто з тых, чые тлумачальныя прадставіў прэтэндэнт у кандыдаты, не адмовіўся ад свайго подпісу. Такім чынам, я лічу, што адмовіўшы яму ў праве быць кандыдатам у дэпутаты, мы адмовім тысячы чалавек у іх праве выявіць сваю палітычную волю".
Ігар Лялькоў: "Экспертыза не праводзілася, таму сур’ёзных падставаў лічыць, што даты і подпісы сабраныя рознымі людзьмі, няма".
Мікалай Лазавік: "Я хацеў бы запярэчыць калегам па выбарчай камісіі. Выбарчае заканадаўства не толькі абавязвае збіраць подпісы, але і вызначае працэдуру збору. Калі дату і подпіс ставілі розныя людзі, подпіс лічыцца несапраўдным. Працэдуру парушаць нельга. Прапаную падтрымаць акруговую камісію".
Лідзія Ярмошына: "Хто за тое, каб задаволіць заяву сп. Аўгуста?"
Ніводнага голаса.
Лідзія Ярмошына: "Хто за тое, каб пагадзіцца з рашэннем акруговай камісіі?"
Аднагалосна.
Лідзія Ярмошына: "Цягам трох дзён вы можаце абскардзіць нашае рашэнне ў Вярхоўным судзе".
***
На сённяшнім паседжанні дакладваў старшыня Брэсцкай-Заходняй выбарчай
акругі №1. Аказваецца, Людміла Дзенісенка з Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" не пазначыла ў пераліку сваёй маёмасці
садовы домік і зямельны ўчастак. Таму, згодна з выбарчым заканадаўствам,
акруговая камісія адмовіла Дзенісенка ў
рэгістрацыі. Аднак тая сцвярджае, што прадала домік і ўчастак яшчэ ў
2003 годзе. Дзенісенка прадставіла адпаведныя дакументы (дамова на
куплю-продаж), і старшыня акруговай камісіі прапануе яе зарэгістраваць.
Слова ўзяла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына:
"Скаргу належыць задаволіць. Хто за тое, каб адмяніць рашэнне акруговай
камісіі аб адмове ў рэгістрацыі? Аднагалосна. Пастанова ЦВК прынятая".
***
А першым разглядалі скаргу Змітра Жоліка са Шчучына. Старшыня выбарчай камісіі: “Па выніках першай праверкі 50 подпісаў прызнана несапраўднымі". Была праведзеная дадатковая праверка, у выніку якой яшчэ 22 подпісы забракавалі. Праўда, пазней 2 подпісы ўсё ж прызналі сапраўднымі. Адзін подпіс адклікаў сам сябра ініцыятыўнай групы Жоліка. Застаецца 953 подпісы, а гэтага недастакова. Таму ў скарзе адмоўлена.
Фота — bymedia.net