"Ляпісаў" у Гомелі адмянілі канчаткова. Пад пагрозай канцэрт у Магілёве

13 сакавіка гурт "Ляпис Трубецкой" планаваў прэзентаваць свой новы альбом "Весёлые картинки" у гомельскім легкаатлетычным манежы "Дынама". 4 сакавіка Еўрарадыё паведамляла пра тое, што канцэрт у Гомелі пад пагрозай зрыву: маўляў, адміністрацыя манежа шукае "прыстойную нагоду" для адмены імпрэзы. 10 сакавіка пра тое, што канцэрт адменены, стала вядома напэўна.

"Напярэдадні будынак наведалі супрацоўнікі МНС. Яны правялі яго абследаванне і зрабілі заключэнне з пералікам таго, што трэба ўдасканаліць у плане бяспекі. У манежы нам паведамілі, што не паспяваюць зрабіць гэтыя ўдасканаленні да канцэрта", — распавёў Еўрарадыё прэс-аташэ "Ляпісаў" Зміцер Безкаравайны.

Гурт шчыра выбачаецца перад сваімі прыхільнікамі, якія ўжо набылі квіткі на гомельскую прэзентацыю ці проста планавалі наведаць канцэрт. Па словах сп. Безкаравайнага, "Ляпісы" шукаюць магчымасці ў бліжэйшы час выступіць у Гомелі. Але квіткі на канцэрт, што мусіў адбыцца 13 сакавіка, можна здаваць ужо зараз — яны не будуць сапраўднымі на іншых канцэртах "Ляписа Трубецкого".

Таксама Еўрарадыё стала вядома, што пад пагрозай і магілёўская прэзентацыя "Весёлых картинок" 20 сакавіка. "Па неафіцыйных звестках, на клуб, дзе мусіць адбыцца канцэрт, ціснуць з адміністрацыі горада. Але ў нас ёсць спадзевы, што канцэрт усё ж не сарвецца, бо ён запланаваны ў прыватным клубе", — удакладніў Зміцер Безкаравайны.

Што праўда, 10 сакавіка прынесла прыхільнікам "Ляписа Трубецкого" не толькі сумныя навіны. Менавіта ў гэты дзень адбылася афіцыйная прэзентацыя альбома "Весёлые картинки" у інтэрнэце! Спампаваць рэліз (бясплатна ці, па жаданні, заплаціўшы любую суму) можна на сайце www.thankyou.ru. Таксама альбом выкладзены на сайце TUT.BY. CD-версія альбома з’явіцца ў мінскіх музычных крамах 15 сакавіка “і будзе аздобленая незвычайнай вокладкай у стылістыцы савецкага 3D”, — інтрыгуе Зміцер Безкаравайны.

Фота: newsmusic.ru