Лябедзька: Новы пашпарт апрабаваў падчас паездкі ў Маскву і Кіеў
Палітыку дагэтуль не вярнулі канфіскаваныя пашпарты.
Вось што распавёў Еўрарадыё старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі пра свой трэці пашпарт.
120409 Liabedzka2.mp3
Анатоль Лябедзька: “Я загадзя распачаў працэдуру на атрыманне новага пашпарта. І атрымаў я яго літаральна на другі дзень пасля прыезду з Оршы. Я не ведаю, дзе мае тыя два пашпарты, што былі скрадзеныя, але ў мяне на руках ёсць пашпарт — ён легальны, ён законны і я яго ўжо апрабаваў падчас паездкі ў Маскву і Кіеў”.
Нагадаем, уначы на сераду 28 сакавіка ў Оршы з цягніка Мінск — Масква знялі лідара Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргея Калякіна, старшыню АГП Анатоля Лябедзьку і былога палітвязня, каардынатара "Еўрапейскай Беларусі" Аляксандра Атрошчанкава. Суд прызнаў іх вінаватымі ў "дробным хуліганстве" і аштрафаваў на 350 тысяч рублёў кожнага. Ва ўсіх палітыкаў забралі пашпарты.
Па словах Лябедзькі, у Кіеў ён выязджаў праз расійска-украінскую мяжу акурат ў той дзень, калі прагучала заява кіраўніка Памежнай службы ФСБ Расіі Уладзіміра Пронічава. Расійскі генерал тады паабяцаў, што беларускія невыязныя не змогуць патрапіць у трэція краіны праз Расію. Але Анатоль Лябедзька сцвярджае, што без усялякіх перашкодаў выехаў з Расіі ва Украіну. Хоць на той момант яго прозвішча і знаходзілася ў спісе грамадзян, якім забаронены выезд за межы краіны.
Фота — Зміцер Лукашук, Еўрарадыё