Лябедзька: сёння пабачым у Вене, наколькі цікавае беларускае пытанне
Круглы стол па сітуацыі ў Беларусі пройдзе 22 лютага ў Вене, у межах сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
Удзел у ім возьмуць як прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі, так і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Як паведаміў Еўрарадыё старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, найперш ён будзе казаць пра неабходнасць вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных вязняў, правядзенне свабодных і справядлівых выбараў у краіне і выкажа сваё бачанне шляхоў ажыццяўлення “Плана па мадэрнізацыі для Беларусі”, прапанаванага ЕС. Але ёсць і яшчэ адна тэма, якая вельмі хвалюе палітыка.
Анатоль Лябедзька: “Даволі рэзка буду гаварыць пра Палату прадстаўнікоў. Я лічу, што яны сёння не прадстаўляюць грамадзян Рэспублікі Беларусь, не прадстаўляюць выбаршчыкаў і сама іх прысутнасць тут стварае неадэкватную сітуацыю: і пераслед журналістаў ідзе па заканадаўстве, якое імі прынятае, і палітыкаў, і проста грамадзян, якія не хочуць глядзець на гэты свет вачыма Аляксандра Лукашэнкі”.
Апроч таго, беларускага палітыка цікавіць далейшы лёс працоўнай групы па Беларусі.
130222_labedzka2.mp3
Анатоль Лябедзька: “Ута Цапф сыходзіць, будзе новы старшыня і самы час гаварыць пра тое, якая тактыка і стратэгія павінна быць у гэтай рабочай групы. Апошняе, што адбывалася: спроба зрабіць нейкі семінар і лічыць вялікім дасягненнем тое, што ў ім возьме ўдзел нехта з “палатнікаў” — гэта тупіковы шлях. Ён не дае вырашэння “беларускай праблемы”, а толькі яе замарожвае”.
Старшынстваваць на круглым стале будзе шведскі парламентар, сябра працоўнай групы па Беларусі Крысціян Холм. Возьме ў ім удзел і спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харашці. Беларускі бок, апроч Лябедзькі, прадставяць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў і дачка палітвязня, экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча Кацярына. У тым, што на дыскусію прыйдзе намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі, Лябедзька сумняецца. На думку палітыка, дэпутат будзе ўсімі сродкамі пазбягаць удзелу ў адкрытай дыскусіі.
Хто з еўрапейскіх палітыкаў паслухае дыскусію па сітуацыі ў Беларусі, таксама дакладна невядома. Але тое, хто прыйдзе на круглы стол, стане паказчыкам — наколькі беларускае пытанне цікавае для Парламенцкай асамблеі АБСЕ, кажа Лябедзька.
Фота — bymedia.net