Літоўскі эксперт: ЕС не ўтрымлівае Літву, а вяртае ёй яе ж грошы
Ці кінецца Літва сябраваць з Мінскам толькі з-за таго, што “ў 2015 годзе ў Літвы гэтыя “датацыі” забяруць”?
Падчас прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, чаму не асцерагаецца непрыемнасцяў з боку Літвы ў перыяд яе старшынства ў ЕС. “У 2015 годзе, як мне дакладаюць, а, можа, і раней, ЕС не будзе датаваць Літву, як датуе зараз, 2-3 мільярды плаціць. Гэтага ўжо не будзе. Яшчэ больш будзе праблем. І сёння згубіць партнёрства з Беларуссю? Толькі вар’ят на гэта можа пайсці, бо 10 мільёнаў тон грузу мы перавальваем у порт”.
З гэтымі датацыямі не ўсё так проста, тлумачыць Еўрарадыё палітолаг, прафесар Каўнаскага ўніверсітэта Вітаўта Вялікага Гінтаўтас Мажэйкіс.
“Можа, і больш мільярдаў ЕС выдзяляе. Але Літва ад пачатку столькі ж плаціць у Еўрасаюз, а потым праз праекты падобную суму і атрымлівае. У 2015 годзе проста пераглядаецца бюджэт ЕС і мяняюцца ўсе праграмы. Па нейкіх накірунках будзем атрымліваць менш, а па іншых — больш. Напрыклад, зараз вядуцца перамовы, каб мы больш атрымлівалі па сельскагаспадарчых праграмах”.
Паводле слоў літоўскага эксперта, чыгуначнікі неаднаразова заяўлялі: нічога страшнага з-за страты беларускіх партнёраў не будзе. Маўляў, калі нешта закрываецца, то ў той жа час новыя перспектывы з’яўляюцца. Асабліва эксперта здзівілі заявы Лукашэнкі наконт таго, што беларусы фармуюць 30% бюджэту Літвы.
Гінтаўтас Мажэйкіс: “Ні ў якіх справаздачах, ні ў якой статыстыцы няма такіх звестак, што літоўскі бок на 30% залежыць ад беларускага”.