Litesound названы лепшым удзельнікам “Еўрабачання”за дзесяцігоддзе

Гурт Litesound назвалі лепшым удзельнікам “Еўрабачання” за апошнія 10 гадоў. Галасаванне “EuroStar Awards” адбывалася на сайце oikotimes.com, які ўжо шосты год запар вызначае лепшага выканаўцу на міжнародным конкурсе за апошняе дзесяцігоддзе.

За некалькі месяцаў беларускі калектыў набраў больш за 14 тысяч галасоў, пры тым, што кожны аматар “Еўрабачання” мог галасаваць толькі адзін раз. Другое месца дасталася грэчаскай спявачцы, пераможцы “Еўрабачання-2005 Алене Папарызу, якая набрала 11 960 галасоў. Трэцяе месца з 4 622 баламі заняла спявачка з Кіпру Іві Адаму.

Дарэчы, у шорт-ліст “EuroStar Awards-2012” беларусаў прапусціла міжнароднае журы, якое сярод крытэрыяў свайго выбару адзначыла шматгадовыя спробы Litesound прадставіць Беларусь на конкурсе, іх неверагодную папулярнасць у краіне ды скандал з Алёнай Ланской.

Нагадаем, што на апошнім “Еўрабачанні” гурт Litesound не трапіў нават у фінал. Тым часам пераможца “Еўрабачання-2012” шведка Ларын паводле “EuroStar Awards-2012”, заняла толькі чацвёртае месца, яна набрала 4 149 галасоў.

Сёлета на міжнародным конкурсе ў шведскім горадзе Мальмё прадстаўляць Беларусь будзе ўсё ж Алёна Ланская. Паўфінальныя выступы адбудуцца 14, 16 траўня, фінал — 18 траўня.

Вынікі EuroStar Awards-2012:

36% – 14,422 галасоў за Litesound (Belarus)
30% – 11,960 галасоў за Helena Paparizou (Greece)
12% – 04,622 галасоў за Ivi Adamou (Cyprus)
10% – 04,149 галасоў за Loreen (Sweden)
03% – 01,301 галасоў за Pastora Soler (Spain)
02% – 00,997 галасоў за Danny Saucedo (Sweden)
02% – 00,657 галасоў за Buranovskiye Babushki (Russia)
02% – 00,608 галасоў за Sarah Dawn Finer (Sweden)
01% – 00,587 галасоў за Anastasiya Petryk (Ukraine)
01% – 00,515 галасоў за Sean Banan (Sweden)