Лепшыя галы беларускіх футбалістаў (відэа)

Беларусы забіваюць не шмат, але ўжо калі забіваюць — дык капітальна. Мы пра футбол. Супергол Міхаіла Сівакова ў вароты гданьскай "Лехіі" натхніў Еўрарадыё каб адшукаць у інтэрнэце і сабраць на адной старонцы відэа з самымі прыгожымі галамі, якія беларускія футбалісты кольвек забівалі замежнікам.

Гол Сяргея Герасімца ў вароты зборнай Галандыі. Чэрвень 1995 года, у незалежную Беларусь упершыню прыязджае топавая замежная каманда. На стадыёне “Дынама” збіраецца 37 тысяч гледачоў. У іх прысутнасці на 27-й хвіліне ветэран беларускага футбола Сяргей Герасімец з вострага кута забівае адзіны гол у сустрэчы.

Гол Аляксандра Глеба за “Штутгарт” ў вароты румынскай “Цімішаары” у жніўні 2009 года. Беларускі паўабаронца не ўпісаўся ў склад “Барселоны” і на правах арэнды вярнуўся ў свой першы еўрапейскі клуб — “Штутгарт”. На жаль, і там ён не змог вярнуць сабе гульнявую форму. Але запомніўся шыкоўным голам у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў. Атрымаўшы мяч недалёка ад цэнтральнага круга, Глеб набраў хуткасць, аднаго за адным абгуляў 4 футбалістаў “Цімішаары” і, цягнучы іх за сабой, увайшоў у штрафную, дзе лёгка перакінуў мяч праз галкіпера.

Гол Юрыя Жаўнова ў вароты “Дынама” (Тбілісі) у розыгрышы “Кубка УЕФА” 2004 года. На 15-й хвіліне гульні варатар БАТЭ зрабіў сапраўдны цуд. Ён моцна выбіў мяч са сваёй штрафной, і той, адзін раз адскочыўшы ад зямлі, трапіў у вароты грузінаў. Што тут скажаш, не толькі варатар “Лехіі” любіць пагуляць недзе далёка ад сваёй “рамкі”. Шкада, але, нягледзячы на супергол Жаўнова, тую гульню беларусы прайгралі 2:3.

Гол Змітра Молаша ў матчы “Сібір” — “Лакаматыў” 25 ліпеня 2010 года. Беларускі легіянер адзначыўся за навасібірскі клуб шэрагам капітальных галоў. Па выніках сезона 2009/10 заўзятары “Сібіры” прызналі 29-гадовага Молаша лепшым гульцом клуба. Заўважылі яго і селекцыянеры: сёлета Зміцер Молаш гуляе ў “Крылах Саветаў”, з якімі ён падпісаў кантракт на 2,5 гады.

Гол Сяргея Крыўца ў вароты “Руха”. Фактычна, гэты мяч зрабіў познаньскі “Лех”, за які выступае беларускі форвард, чэмпіёнам Польшчы. Сяргей Крывец прадэманстраваў адметную тэхніку. Атрымаўшы мяч на лініі штрафной, удала развярнуўся і прабіў. Але, трэба адзначыць, што “Леху” дапамог футбольны Бог: мяч трапіў у вароты “Руха” пасля рыкашэту, які не пакінуў шанцаў галкіперу клуба з Хожува.

Калі Еўрарадыё запыталася ў Сяргея Крыўца, які мяч ён асабіста лічыць самым запамінальным у гісторыі беларускага футбола, ён прыгадаў гол Максіма Рамашчанкі ў вароты зборнай Італіі. На думку многіх фанатаў беларускага футбола, той матч у кастрычніку 2004 года — лепшы, які правяла зборная Беларусі. Нашы футбалісты на роўных супрацьстаялі адной з лепшых каманд свету. Хаця і саступілі. А Максім Рамашчанка стаў героем той сустрэчы: сваімі 2 галамі ён да 52-й хвіліны зраўняў лік у гульні. Прапануем вам першы з гэтых супергалоў.

Ну і, нарэшце, цудоўны гол Міхаіла Сівакова ў вароты “Лехіі”. Лідар моладзевай зборнай Беларусі сцвярджае, што біў абсалютна свядома. Маўляў, яшчэ на лаўцы запасных падгледзеў, што галкіпер “Лехіі” далёка выходзіць з “рамкі” падчас атак каманды. І, калі на 86-й хвіліне выйшаў на поле, — “ужо ведаў, што рабіць”. І зрабіў гол-прыгажун, на зайздрасць кожнаму футбалісту.