Лазавік: Падчас гэтых выбараў мы шмат вясёлых мерапрыемстваў назіраем
Сакратар ЦВК назваў жартаўнікамі нясвіжскіх ідэолагаў, якія распрацавалі памятку для “правільных” назіральнікаў.
Улады Нясвіжа вырашылі навучыць назіральнікаў, што рабіць і як сябе паводзіць падчас галасавання. Але не ўсіх, а толькі “канструктыўных”. І вучаць іх, як рэагаваць на правакацыйныя дзеянні назіральнікаў ад “апаніруючых сіл” альбо міжнародных арганізацый.
Гэтая “памятка” з’явілася на сайце Нясвіжскага райвыканкама. З яе можна, да прыкладу, даведацца, што адказваць на пытанне пра адсутнасць на ўчастку празрыстых скрыняў для галасавання, ці ўплывае датэрміновае галасаванне на вынік выбараў, як спыніць відэаздымку галасавання, прымусіць “неканструктыўных” назіральнікаў стаяць як мага далей ад месца падліку галасоў і гэтак далей. Паводле словаў намесніка старшыні Нясвіжскага райвыканкама па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай працы Аляксандра Майсені, склалі гэтую памятку яго падначаленыя з аддзела ідэалогіі. І патлумачыў, навошта гэта было зроблена.
Аляксандр Майсеня“Не ва ўсіх ёсць магчымасць пачытаць Выбарчы кодэкс, дакументы. Гэтая памятка — яшчэ адзін пастулат, з якім кожны чалавек, тут не шмат старонак, можа азнаёміцца. А потым дзейнічаць у адпаведнасці з тымі правамі, якія яму даюцца. І адначасова ведаць, што яму ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам нельга рабіць: ствараць перашкоды і гэтак далей. Гэта проста для азнаямлення, каб ведалі, куды яны трапілі і што яны могуць рабіць”.
Вось толькі ў гэтай памятцы няма ні слова пра тое, як назіральнік павінен сачыць за ходам галасавання, як спыняць фальсіфікацыі пры падліку галасоў, каму паведамляць пра заўважаныя парушэнні. Затое з пазнакай “важна” звяртаецца ўвага на неабходнасць “складаць акты аб парушэннях з боку назіральнікаў ад апаніруючых сіл”, фіксаваць дакладна, а якой гадзіне прыбылі на ўчастак і а якой з’ехалі з яго міжнародныя назіральнікі. Апошніх раяць настойліва выклікаць на “даверлівую” размову, падчас якой расказваць пра “канструктыўныя” змены ў краіне і гэтак далей.
У адказ на пытанне “Чаму так атрымалася?”, намеснік старшыні райвыканкама пералічыў, на што назіральнік мае права, а што рабіць не можа на выбарчым участку. Вось толькі зачытаў ён гэта не з “памяткі”, а з Выбарчага кодэкса. Але чаму гэты пералік у “памятку” не трапіў — не патлумачыў. Толькі заўважыў, што да абавязковага выкарыстання складзенага ідэолагамі дакумента “канструктыўных” назіральнікаў не прымушаюць. Проста раяць звяраць свае меркаванні з выкладзенымі там тэзамі.
У тым, што стварэнне такой “памяткі” — цалкам мясцовая ініцыятыва, упэўніў Еўрарадыё і сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Больш за тое, назваў нясвіжскіх ідэолагаў “жартаўнікамі”.
Мікалай Лазавік:“Дакумент з разраду гумарыстычных. Падчас гэтых выбараў мы шмат вясёлых мерапрыемстваў назіраем і з боку кандыдатаў, і з боку, як апынулася, арганізатараў выбараў, якія такія вясёлыя творы выпускаюць у інтэрнэт. Відаць, што яны ідуць на выбары, каб весці перадвыбарную барацьбу: змагацца з усімі, у тым ліку і з назіральнікамі!”

І раіць міжнародным назіральнікам і людзям ад “апаніруючых сіл” не звяртаць увагі ні на саму “памятку”, ні на тых “канструктыўных”, якія будуць раіць ім спыніць відэаздымкі ці не настойваць на тым, каб дакладна бачыць працэс падліку галасоў.
Мікалай Лазавік: На ўчастку камандуе не назіральнік, а выбарчая камісія.
Таму назіральнікі паміж сабой могуць заключаць любыя дамовы, умовы, угаворваць адзін аднаго — гэта іх праблемы. Галоўнае, каб у рамках правіл працавалі выбарчыя камісіі”.
У той жа час прызнаўся, што да сантыметра месца знаходжання назіральніка падчас падліку галасоў ЦВК не вызначаў. І дзе будзе стаяць назіральнік, вырашае старшыня выбарчай камісіі. Галоўнае, кажа, каб той мог рэальна назіраць працэс падліку галасоў.
І заявіў, што ніякіх парушэнняў выбарчага заканадаўства ў стварэнні такой "інструкцыі" не бачыць.
З Лазавіком не згодны каардынатар кампаніі “За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка. Найперш ён сумняваецца ў тым, што ідэя стварэння гэтай “памяткі” цалкам належыць нясвіжскім ідэолагам. Хутчэй, кажа, яны адзіныя, хто пракалоўся. І тое, што іншыя вусна даводзілі “канструктыўным” назіральнікам, выдалі ў электронным і друкаваным выглядзе. Ды і закон, на яго думку, нясвіжскія ідэолагі парушылі.
Віктар Карняенка: “Перабольшаныя правы назіральніка як мінімум. Ён павінен не змагацца з іншымі назіральнікамі, а адсочваць працэс. Ва ўлады яшчэ ёсць магчымасць адмовіцца ад гэтага дакумента і на практыцы не ажыццяўляць тую дзейнасць, якую яны ўжо публічна анансавалі”.
І даў рэкамендацыі назіральнікам ад “апаніруючых сіл”, як сябе паводзіць у выпадках, калі “канструктыўныя” будуць лезці да іх са сваімі “парадамі”.
Віктар Карняенка: “Нашаму назіральніку парада такая: не спрачацца з гэтым правакатарам, а звяртацца да старшыні камісіі, да сакратара. Але калі яму не дадуць назіраць за працэсам, што цалкам верагодна, то тады рэагаваць так, як прадугледжвае закон, — пісаць скаргі і збіраць іх у агульны стос”.
Галоўнае для назіральніка, кажа Карняенка, — ведаць свае правы і адстойваць іх. Але спакойна і не паддаючыся на правакацыі.
Фота: Змітра Лукашука і http://bymedia.net/