Квіток на Арамнава ў Лондане каштуе да 270$, на Ціхана — яшчэ даражэй

Міжнародны алімпійскі камітэт выдзеліў беларускаму НАКу пэўную колькасць білетаў на Гульні ў Лондане. Іх продаж не рэкламаваўся, але квіткі ў Беларусі ўжо разышліся. Галоўны трэнер каманды па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская гаворыць, што ўсе “беларускія” білеты на гімнастыку выкупілі жыхары... нейкай вёскі. Пытаемся ў яе, адкуль гэтыя фанаты. Бо квіткі на гімнастычны фінал каштуюць ад 70$ да 270$.

Ірына Ляпарская: "З адной вёскі, мы іх шукаем".

Еўрарадыё: "З якой вёскі?"

Ірына Ляпарская: "Я яшчэ сама не ведаю назвы. З нейкай вобласці, нейкага раёна. Мы здзівіліся, таму адшукваем — каб сказаць ім дзякуй, бо ў Мінску не знайшлося жадаючых прыйсці на спаборніцтвы з нашым удзелам, а ў нейкай вёсцы знайшліся”.

Кошты на спаборніцтвы па мастацкай гімнастыцы паводле афіцыйнага сайту Алімпіяды

Назву “гімнастычнага” населенага пункта Еўрарадыё не раскрываюць і ў Алімпійскім экіпіровачным цэнтры, дзе займаюцца рэалізацыяй квіткоў. Аднак вёскай у Беларусі могуць называць і катэджнае паселішча, дзе кожны дом каштуе пад мільён долараў. Жыллёвыя ўмовы ў такіх “вёсках” — заходнееўрапейскія, а сельсавет так і застаўся сельсаветам.

Некаторыя беларускія турфірмы просяць больш як 5000$ за тыдзень у Лондане. Мы ж просім у адной з такіх кантор арганізаваць больш сціплую і кароткую праграму. Нам прапаноўваюць наведаць два матчы па баскетболе, два — па хакеі на траве (ні там, ні там не прымаюць удзел беларусы) і фінал па цяжкай атлетыцы, дзе мусіць выступіць наш Рыбакоў. Дзве ночы трэба пераспаць у чатырохзоркавым гатэлі. І за ўсё гэта — 1860$. Плюс пералёт авіякампаніяй “Белавія” — каля 500$. Такім чынам, трохдзённая вандроўка ў Лондан абыходзіцца ў суму каля 2350$.

Нямала па сённяшніх часах. Просім турагента падабраць яшчэ больш эканомны “пакет”.

Турагент: “Нават калі эканоміць, арыентуйцеся на 200-250 еўра ў суткі. Гэта будзе трохзоркавы гатэль, і не ў самым цэнтры. З пералётам — дзесьці да 1300$. Сняданкі ў танных гатэлях у Англіі надзвычай умоўныя. Гэта джэм, булачка…

Робім падлікі паводле тарыфу “звышэканомны”.

Недарагі пералёт, пра які распавёў турагент, — гэта вылет з Каўнаса лоў-костам. Пры пасрэдніцтве турфірмы такі квіток у два бакі прададуць за 200$. Калі купляць самому, яшчэ танней — 140$. Толькі трэба парупіцца хаця б за шэсць тыдняў да вылету.

Дагэтуль у сеціве хапае прапановаў па лонданскіх хостэлах. За 60$ у суткі і зараз магчыма знайсці ложак. Ніштаватае харчаванне ў Лондане абыйдзецца прыкладна ў 50$ за суткі.

На афіцыйным сайце Лонданскай Алімпіяды знаходзім квіткі, якія дагэтуль магчыма набыць. Ёсць нават спецыяльныя дыскаўнт-акцыі. Нас цікавяць тыя спаборніцтвы, дзе ў беларусаў ёсць шанцы на медалі. Напрыклад, падтрымаць любога нашага цяжкаатлета будзе каштаваць ад 70$ да 270$.

Наведаць лёгкаатлетычны стадыён у дзень фіналу ў кіданні молата каштуе ад 70$ да 1120$.Праход на спаборніцтвы па мастацкай гімнастыцы абыйдзецца ад 30$ да 150$. Праход на любы футбольны матч каштуе ад 25$ да 55$.

У колькі ж абыйдзецца вандроўка ў Лондан паводле мінімальнага тарыфу на тры дні?

Пералёт у два бакі (вылет праз шэсць тыдняў) — 140$.

Пражыванне — 180$.

Квіткі на спаборніцтвы (футбольны матч, лёгкая атлетыка, штанга) —175$.

Харчаванне — 150$.

Праезд з аэрапорта ў два бакі — 28$.

Праезд па Лондане на грамадскім транспарце (спецыяльны квіток на тры дні) — 25$.

Харчаванне — 150$.

Усяго — 848$.

tickets.london2012.com