Крэдыт ад 87% гадавых без залога і паручальнікаў
Але калі Еўрарадыё падлічыла сапраўдны кошт экспрэс-крэдыта, то высветлілася, што ў некаторых банках ён насамрэч “каштуе” больш за 130%.
Па 4 мільёны беларускіх рублёў на набыццё тэлевізара Еўрарадыё вырашыла звярнуцца ў той банк, які найхутчэй абяцае аформіць экспрэс-крэдыт. Прычым, без усялякіх паручальнікаў. Пошук у інтэрнэце падказвае, што за 1 гадзіну такую суму можна пазычыць у Міжнароднага рэзервовага банка.
Аператар “гарачай лініі”, высветляе ўзрост карэспандэнта, яго заробак, працоўны стаж і наяўнасць ужо ўзятых крэдытаў, падказвае бліжэйшае аддзяленне свайго банка, дзе такі крэдыт можна атрымаць, і называе штомесячную суму выплат.
Аператар МРБ: “4 мільёны на год — штомесячны плацёж складзе 574 тысячы 650. З дакументаў на гэтую суму вам спатрэбіцца толькі пашпарт”.
Што тычыцца працэнтаў па крэдыце, то аператар агучвае “банкаўскую версію” — 17% гадавых і 5,25% штомесячнай камісіі. Пытанне ж наконт “поўнай” працэнтнай стаўкі аператара крыху збянтэжыць і ён выдае “палегчаную” версію.
Аператар МРБ: “За год вы пераплачваеце 80%”.
Еўрарадыё: “Атрымліваецца, што поўная працэнтная стаўка па гэтым крэдыце — 80%”?
Аператар МРБ: “Не — гэта пераплата. 2 мільёны 895 тысяч 800 вы пераплаціце за год. Але можна датэрмінова гасіць, каб менш пераплачваць”.
Не менш хутка і без усялякіх патрабаванняў выдае экспрэс-крэдыт і “Дэльта-банк”. Праўда, пабачыўшы на яго сайце, што каштуе такі крэдыт 25% гадавых і 4,25% штомесячнай камісіі, вырашаем зменшыць суму неабходнага крэдыта да 3 мільёнаў рублёў. Аператар “гарачай лініі” супакойвае, што і тут з атрыманнем крэдыта праблем аніякіх няма.
Аператар “Дэльта-банка”: “Гэта “Хуткая крэдытка”, крэдыт выдаецца на картку. Тэрмін — не больш за 36 месяцаў. Гэта аднаўляльная крэдытная лінія — можаце карыстацца карткай не больш за 12 месяцаў. І пры афармленні да 5 мільёнаў патрэбны толькі пашпарт”.
Навучаны размовай з аператарам Міжнароднага рэзервовага банка, карэспандэнт Еўрарадыё перш чым тэлефанаваць аператару “гарачай лініі” “Дэльта-банка”, кансультуецца ў фінансавага эксперта Кацярыны Смірновай. Паводле яе падлікаў атрымліваецца, што поўная працэнтная стаўка па гэтым крэдыце пры дэклараваных на яго сайце 25% гадавых і 4,25% штомесячнай камісіі складае... 136%!
Кацярына Смірнова: “136 — гэта поўная працэнтная стаўка з улікам усіх камісій. Глядзіце: працэнтная стаўка, што дэкларуецца банкам, — 25% гадавых, плюс — камісія за суправаджэнне крэдытнай запазычанасці, 4,25% у месяц ад першапачатковай сумы крэдыта, плюс — страхавы крэдыт 0,5% у месяц ад кошту тавара”.
Пытанне наконт поўнай працэнтнай стаўку адрасуем і аператару “гарачай лініі”.
Аператар “Дэльта-банка”: “На жаль, па дадзеных крэдытах разлічыць гэта немагчыма, бо тут ідзе аднаўляльная крэдытная лінія і мы, на жаль, не можам ведаць, калі і колькі вы здымеце. Разлічыць немагчыма. залежыць ад таго, якія сумы, у якія тэрміны і дзе вы будзеце здымаць”.
Адказ не змяніўся нават пасля таго, як карэспандэнт запэўніў, што яму трэба толькі 3 мільёны, якія ён здыме за адзін раз адразу пасля выдзялення грошай банкам. Самае цікавае ў гэтым тое, што насамрэч гэтая “Хуткая крэдытка” каштуе даражэй, чым напісана на сайце банка!
Аператар “Дэльта-банка”: “Выдаецца крэдыт пад 36% гадавых, 6,99% — камісія”.
Атрымліваецца, што поўная працэнтная стаўка па гэтым крэдыце ўжо нават не 136%, а прыблізна 150%. І калі паводле нашых з Кацярынай Смірновай падліках першапачаткова атрымлівалася, што за ўзятыя 3 мільёны крэдыта ў выніку давядзецца выплаціць банку больш за 6 мільёнаў, то зараз гэтая сума “пераскочыць” і 7 мільёнаў!
Але, кажа эксперт, гэта нармальная з’ява для такіх “хуткіх” крэдытаў.
Кацярына Смірнова: “Экспрэс-крэдытаванне ніколі не было танным. Нават калі стаўка рэфінансавання была 10,5%, то асноўная маса такіх крэдытаў выдавалася пад стаўку 80-100%. Зараз самыя дарагія з іх яшчэ падаражэлі, але не на шмат”.
Згодна з яе словамі, людзі рэдка вылічваюць поўную працэнтную стаўку і канчатковую суму выплаты. “Хуткі” крэдыт патрэбны, каб тэрмінова набыць нейкую рэч. Чалавек з гэтай нагоды прыходзіць у банк, кажа, колькі грошай яму трэба, цікавіцца, колькі будзе выплачваць у месяц і... заключае пагадненне з банкам. Хоць, кажа Кацярына Смірнова, банкі абавязаныя не толькі даваць графік плацяжоў, але і прадастаўляць кліенту поўную працэнтную стаўку па крэдыце.
Дарэчы, толькі на сайце “Белінвестбанка” кліентаў шчыра папярэджваюць, што ў іх экспрэс-крэдыт каштуе 87,5% гадавых плюс 3,5% камісіі.