Кіламетр беларускай дарогі каштуе каля 3 мільёнаў долараў
Але на новыя “аўтабаны” грошай няма. Еўрарадыё высвятляла, у колькі нам абыходзіцца рамонт і будаўніцтва дарог.
Добрыя дарогі — задавальненне нятаннае. Праўда, высветліць, колькі каштуе пакласці, да прыкладу, кіламетр трасы, апынулася даволі складана. Дарожнікі ўпэўніваюць: гэта лічба будзе з катэгорыі агульнай тэмпературы па шпіталі. Але ў выніку агучваюць і яе: каля 3 мільёнаў долараў. Менавіта столькі, паводле слоў начальніка ўпраўлення дарожнага і навукова-тэхнічнага развіцця "Белаўтадара" Святланы Куцай, каштуе кіламетр рэканструкцыі трасы Мінск-Магілёў.
Святлана Куцая: “Тут сказаць па прыкладзе, як дом будуецца стандартны — нельга пры будаўніцтве дарогі. На гэта ўплывае і мясцовасць, і бліжэйшыя вёскі, і знаходжанне людзей, перагоны для жывёл і ўсё астатняе. Але ў сярэднім, калі груба браць, то кіламетр будаўніцтва-рэканструкцыі дарогі на накірунку Мінск-Магілёў каштуе ад 2,4 да 3 мільёнаў долараў”.
Часам, каб зэканоміць, дарожнікі будуюць кавалак новай трасы — у абыход населеных пунктаў. Але ёсць месцы, дзе лепш дарогу правесці праз вёску і “пацясніць” хаты сялян. Праўда, і ў гэтым выпадку кошт дарогі... танней не становіцца!
Святлана Куцая: “Напрыклад, на ўчастку Бабруйск-Жлобін: там вельмі густанаселеная тэрыторыя, дзе праходзіць траса. Па новым накірунку калі будаваць, то яна нават танней абыходзіцца, чым ісці па старым накірунку дарогі. Са зносамі, пераносамі (дамоў — Еўрарадыё). А калі вы будзеце, да прыкладу, новую трасу пракладаць з Асіповічаў да Бабруйска, то там яна будзе даражэй, чым па старым накірунку прайсці. Але і там дарога абыдзецца ў межах 3 мільёнаў за кіламетр”.
Такія ж кошты, дарэчы, і на другой трасе рэспубліканскага значэння — Мінск-Гомель. Гэтыя трасы — наш адказ еўрапейскім аўтабанам. Дарэчы, будаўніцтва 1 кіламетра аўтабана ў Нямеччыне ў сярэднім каштуе 10 мільёнаў долараў, а ў суседняй Польшчы — 7 мільёнаў.
Што ж тычыцца будаўніцтва і рэканструкцыі дарог мясцовага значэння ў Беларусі, то ім займаюцца абласныя дарожныя службы. Але як патлумачылі Еўрарадыё ў Гомельскім прадпрыемстве “Аблдарбуд”, новыя дарогі яны не будуюць ужо даволі даўно — грошай няма. А калі на грунтовую дарогу да чарговага аграгарадка кладуць асфальт, то гэта ў дарожнікаў лічыцца капітальным рамонтам.
Гомельскі “Аблдарбуд”: “У нас сродкаў няма, таму мы ўжо шмат гадоў не будуем новых дарог. Бягучы рамонт — 350-400 мільёнаў рублёў за кіламетр. А калі капітальным рамонтам рамантаваць дарогу, то гэта — да 1 мільярда рублёў”.
Паводле сённяшняга курсу гэта — 125 тысяч долараў.
А вось высветліць кошт кіламетра рэканструкцыі сталічнай дарогі аказалася немагчымым. Прынамсі, у гэтым Еўрарадыё ўпэўнілі дарожнікі, якія даводзяць да ладу праспект Дзяржынскага ў Мінску.
Сталічныя дарожнікі: “Мы ніколі не вылічвалі, на квадратны метр-кіламетр колькі каштуе. Проста ёсць свае каштарысы на пэўныя працы, а буйнога такога няма. Але цалкам аб’ект каштуе 200 мільярдаў рублёў. На сёння мы ўжо засвоілі 156. Гэта ад Прылуцкай да Шчорса, уключна з вуліцай Прылуцкай. І разам са Шчорса”.
А вось адзін новы мост, ці, як кажуць дарожнікі, эстакада, што будуецца на праспекце Дзяржынскага, каштуе каля 82 мільярдаў рублёў. Затое дакладна вядома, што 1 квадратны метр ямачнага рамонту каштуе ад 50 да 150 тысяч рублёў. І сталічным дарожнікам “на яміны” сёлета выдалі 225 мільярдаў рублёў. Кажуць — мала. Не хапае, каб адрамантаваць усё, яшчэ каля 80 мільярдаў рублёў.
Фота: http://photo.bymedia.net/