Хакейнае “Дынама-Мінск” выпускае ўласнае піва

За сезон ХК “Дынама-Мінск” плануе выпусціць 1 мільён банак фірмовага пеннага напою. З 24 жніўня піва “Дынама” будзе прадавацца ў крамах. У тым ліку яго можна будзе набыць на “Мінск-Арэне”, дзе дынамаўцы праводзяць хатнія матчы чэмпіяната Кантынентальнай хакейнай лігі.

"Я асабіста ўдзельнічаў у самай першай стадыі адбора, ― распавядае генеральны дырэктар мінскага "Дынама" Аляксей Торбін. ― Некалькі гатункаў піва завод падрыхтаваў для нас эксклюзіўна, і мы запрашалі нашых галоўных заўзятараў для таго, каб прыняць рашэнне. Спадзяюся, яно вам спадабаецца".

Прысутныя на прэзентацыі супрацоўнікі "Крыніцы" патлумачылі Еўрарадыё, што галоўная асаблівасць піва "Дынама" ― так званае "халоднае" браджэнне. Гэта працэс больш павольны, чым пры звычайнай вытворчасці піва. Ён робіць смак пеннага напою больш адфільтраваным.

Як на думку карэспандэнта Еўрарадыё, піва атрымалася смачнае, але крыху салодкае. Гэта на аматара.

Дарэчы, на прэзентацыі прысутнічаў галоўны трэнер ХК "Дынама-Мінск" Кары Хейкіля. Але ён піва не піў, спаслаўшыся на працоўную абстаноўку ў камандзе. 24 жніўня "Дынама" гуляе першы матч турніра ў памяць Руслана Салея супраць жлобінскага "Металурга".

На гэты момант пад брэндам “Дынама” ужо выпускаюцца чыпсы, плануецца выпуск пітной вады. Таксама хакейны клуб распрацоўвае дадатак да мабільных тэлефонаў, які б дазволіў заўзятарам глядзець матчы КХЛ у рэжыме анлайн.

Фота: Еўрарадыё.