Кантрабандысты, у якіх канфіскавалі 2,4 мільёна долараў, зніклі?

130207_lukashuk_kontabanda.mp3

У сераду 6 лютага ў Любомльскім раённым судзе чакалі двух беларускіх кантрабандыстаў, у якіх 29 студзеня гэты ж суд не толькі канфіскаваў 2,4 мільёна долараў, што яны цішком цягнулі праз украінска-беларускую мяжу, але і ўлупіў штраф на такую ж суму. Цяпер украінская Феміда мусіла разгледзець апеляцыю беларусаў на тое рашэнне.

“Іх чакалі паўгадзіны, улічваючы тое, што яны былі папярэджаныя, але іх па месцы пражывання ў Беларусі ніхто не можа знайсці. Ні па іх месцы пражывання, ні па месцы пражывання іх родных. Не дачакаўшыся, справу разгледзелі”, — дзеляцца з Еўрарадыё ў прэс-службе пракуратуры Луцка.

Нагадаем, 19 снежня памежнікі Луцкага атрада затрымалі двух беларусаў, якія спрабавалі незаконна перайсці ўкраінска-беларускую мяжу. Кантрабандысты ішлі ў бок беларускай вёскі Макраны і неслі з сабой 2 мільёны 400 тысяч долараў.

20 снежня парушальнікаў асудзілі на 10 сутак за спробу незаконнага пераходу мяжы. А 29 студзеня суд прыняў рашэнне канфіскаваць усе кантрабандныя долары і наклаў на кантрабандыстаў штраф яшчэ на такую ж суму.

Дзе ж падзеліся двое беларускіх грамадзян? Можа, яны ўжо ў якім з кабінетаў беларускіх праваахоўных органаў распавядаюць, адкуль у іх столькі грошай і каму яны іх неслі?

Кіраўнік прэс-службы Следчага камітэта Павел Траулька расчароўвае Еўрарадыё.

Павел Траулька: “Калі няма крымінальнай справы, распачатай органамі дазнання, альбо матэрыялаў праверак, здзейсненых гэтымі органамі, то Следчы камітэт сам, з сваёй ініцыятывы, не будзе праводзіць нейкія праверкі і нешта ўстанаўліваць. Бо Следчы камітэт расследуе крымінальныя справы, а не з’яўляецца суб’ектам аператыўна-вышуковай дзейнасці”.

Але прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных спраў, галоўнага “суб’екта аператыўна-вышуковай дзейнасці”, Канстанцін Шалькевіч прызнаецца, што пра беларускіх кантрабандыстаў-мільянераў чуе… упершыню ад Еўрарадыё!

Канстанцін Шалькевіч: “Мы зацікавіліся ці не зацікавіліся (кантрабандыстамі, якія неслі ў Беларусь 2,4 мільёна долараў. — Еўрарадыё) — гэта не ў нашых інтарэсах агучваць. Нават калі гэта нам цікава ў аператыўным плане, мы пра гэта ўсё адно не скажам”.

Няма ніякай інфармацыі на гэты конт і ад КДБ. Увогуле выглядае на тое, што ўкраінскі бок нават не дасылаў беларускім калегам матэрыялы справы беларускіх кантрабандыстаў. Найперш таму, што паміж нашымі краінамі ніякіх міждзяржаўных дамоўленасцяў, якія дазволілі б украінцам скарыстацца дапамогай беларускіх праваахоўнікаў і спагнаць з кантрабандыстаў 2,4 мільёна долараў штрафу, няма. Але ёсць і яшчэ адзін момант:

“Не скажам мы вам, бо мы ж любім людзей!” — так адказалі ў пракуратуры Луцка на просьбу Еўрарадыё назваць прозвішчы беларускіх кантрабандыстаў і месца іх жыхарства.

Такім чынам, пытанне “Дзе зніклі двое беларускіх грамадзян?” застаецца без адказу. Калі, праўда, яны некуды насамрэч знікалі.