За складанасць працы дворнік атрымлівае 29 дзён адпачынку
А за дрэннае надвор'е — даплаты.
“Дворнікаў катастрафічна не хапае. Скаргаў мільёны!” — у дыспетчарскай ЖЭСа № 60 Мінска ад пачатку снегападаў штодня атрымліваюць кіламетры скаргаў ад жыхароў.
Але ў адміністрацыі гэтага ж ЖЭСа інфармацыю абвяргаюць. Маўляў, дворнікаў нават зашмат!
“У нас 50 дворнікаў, як і патрэбна паводле нормы. Ёсць нормы, якія вызначаюць, колькі павінна быць дворнікаў на тэрыторыю. На два пад’езды шматпавярховага дома — адзін дворнік. У нас поўны штат”.
Праблема ў тым, што дворнікі не хочуць працаваць.
“Скаргі? Ну, можа ёсць такія дворнікі, не вельмі добрасумленныя. Ёсць такія людзі, але ёсць і такія, што насамрэч добра працуюць”.
У ЖЭСе заўважаюць, што цяжкай працай звычайна займаюцца жанчыны і пенсіянеры.
“Жанчына, пасля 40-45, якая звычайна злоўжывае спіртнымі напоямі. Праблема ў тым, што мы не маем права не прымаць абавязаных, яны не працуюць абсалютна. Бязглуздасць нейкая. Бывае, такія “прыгажуні” прыходзяць з міліцыяй аформіцца, а потым не з’яўляюцца. А маглі б узяць на працу нармальнага чалавека”.
Сталічны ЖЭС № 93 мае ўкамплектаваны штат, але жыхары мікрараёна выбіраюцца з гурбаў снегу як могуць. Тут кажуць, што колькасць дворнікаў не зменшылася ў параўнанні з мінулым годам. Не ўсе працуюць як трэба.
Цуды добрасумленнасці паказваюць у ЖЭСе № 17. Тут з мяцёлкай выходзяць усе працаўнікі, нават дырэктар, а тэхніка не перастае працаваць і ўначы!
“Мы сёння нават ноччу выходзілі — з 10-й гадзіны вечара, і я сам таксама, бо сітуацыя такая, што трэба прыбіраць. Як хуткая дапамога праедзе ці пажарная?” — пытаецца дырэктар Сяргей Анатольевіч. У ЖЭСе не хапае 10 чалавек, каб укамплектаваць штат.
Намеснік галоўнага ўрача Станцыі хуткай дапамогі Мінска Алег Варабей заўважае, што іх машыны даязджаюць куды трэба, але праблемы з пад’ездамі насамрэч ёсць.
У ЖЭСах №№ 79, 92 не хапае працоўных рук, але не катастрафічна. Тут прапаноўваюць сярэдні для дворніка заробак з даплатамі ў выпадку неспрыяльных умоваў надвор’я.
“У залежнасці ад складанасці дворнік атрымлівае ад 2,5 да 3 мільёнаў. Існуе надбаўка за складанасць. Калі вялікі снег, тады дворнік атрымлівае даплату, за наледзь таксама даплата”.
Як даведалася Еўрарадыё, дворніку за складанасць даюць 29-дзённы адпачынак!
У аддзеле гаспадарчых тавараў ГУМа на выхадных у завіруху асаблівым попытам карысталіся рыдлёўкі для расчысткі снегу — за гадзіну сыходзіла дзесяць штук. Згодна са словамі гандляроў, у выхадныя вельмі хутка разбіралі і драўляныя беларускія рыдлёўкі па 60 тысяч, і з пластыку — па 100 тысяч рублёў.
На прыватным слуцкім дрэваапрацоўчым прадпрыемстве “Ямполь” кажуць, што не паспяваюць з заказамі.
“1000 штук заказалі за сёння. Прадпрыемства нават у выхадныя працавала, бо вельмі многа заказаў”.