Калі ў мінскім Доме правасуддзя будуць судзіць Абаму за Гуантанама?
За катаванні ды іншыя злачынствы супраць бяспекі чалавецтва зламыснікаў з усяго свету могуць караць беларускія суддзі — калі захочуць.
Расійскія юрысты-міжнароднікі знайшлі сродак пакараць вінаватых у катаваннях і жорсткім абыходжанні ў турме Гуантанама з дапамогай… правасуддзя Беларусі! І звярнуліся з адпаведнай заявай больш за месяц таму ў беларускі Следчы камітэт. Юрыстаў падтрымалі… расійскія праваабаронцы.
“Вырашылі паглядзець, — тлумачыць Еўрарадыё сябра Савета пры прэзідэнце Расіі па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека Андрэй Юраў, — як беларускія ўлады, крытыкуючы іншыя краіны за парушэнні правоў чалавека, на справе гатовыя гэтую ўніверсальную юрысдыкцыю прымяніць. Ёсць механізм, то давайце дзейнічаць”.
Размова ідзе пра артыкул 128 Крымінальнага кодэксу Беларусі — злачынствы супраць бяспекі чалавецтва. Эксперты спасылаюцца на тое, што наш Крымінальны кодэкс прадугледжвае магчымасць прыцягнуць да адказнасці любую асобу за злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва. Прычым зрабіць гэта можна незалежна ад таго, дзе і супраць каго гэтыя злачынствы здзяйсняліся.
Кіраўнік прэс-службы Следчага камітэта Павел Траулька не гатовы пакуль каментаваць, ці можа беларускае правасуддзе паводле гэтага артыкула прыцягваць да адказнасці грамадзян тых жа ЗША, ці, да прыкладу, Расіі.
"Можа", — нечакана сцвярджае юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла.
Гары Паганяйла: “Ёсць артыкул 6 Крымінальнага кодэкса Беларусі, з якога вынікае, што Беларусь валодае ўніверсальнай крымінальнай юрысдыкцыяй. І ў тым выпадку, калі здзяйсняюцца міжнародныя злачынствы, у тым ліку — катаванні і масавыя пазасудовыя пакаранні смерцю, Беларусь мае права распачаць справу, правесці расследаванне і прызнаць некага вінаватым”.
Каб распачаць справу, шмат не трэба — альбо заява пацярпелых, альбо зварот простых грамадзян ці тых жа праваабаронцаў. Нават звесткі аб злачынстве, апублікаваныя ў СМІ, могуць даць штуршок разгляду.
Гары Паганяйла: “Выдаецца па выніках расследавання міжнародны ордар на арышт, функцыі міжнароднай паліцыі выконвае Інтэрпол. І ў любой краіне, дзе з’явіцца гэты грамадзянін, адпаведныя службы павінны здзейсніць арышт і выдаць той краіне, якая патрабуе выдачы. У дадзеным выпадку — Беларусі, якая вырашыла пакараць пэўных людзей за злачынствы супраць бяспекі чалавецтва”.
Беларусь, тлумачыць Юраў, ледзь не адзіная на постсавецкай прасторы мае юрыдычныя магчымасці для таго, каб выправіць усе парушэнні правоў чалавека, на якія ў сваім дакладзе звяртае ўвагу беларускі МЗС. Больш за тое, раіць нашым дыпламатам дзейнічаць у гэтым накірунку разам са Следчым камітэтам — адны будуць выкрываць парушэнні, другія — расследаваць і выдаваць ордар на арышт. Чым павесяліў кіраўніка прэс-службы МЗС Андрэя Савіных.
Андрэй Савіных: “Гэта пэўная трактоўка юрыдычных і прававых магчымасцяў, якія на сённяшні дзень не выкарыстоўваюцца”.
Але калі беларускі Следчы камітэт захоча разабрацца ў беззаконнях у Гуантанама і пакараць пэўных амерыканскіх салдат, то не абавязкова іх нам выдадуць пасля затрымання. Гэта можа зрабіць і амерыканская Феміда. Тут, кажуць у адзін голас Паганяйла і Юраў, галоўнае — дэманстрацыя непазбежнасці пакарання. У якасці перасцярогі патэнцыйным злачынцам.
Фота: mn.ru