Інтэграцыі Беларусі, Расіі і Казахстана дапамогуць спецслужбы

ФСБ Расіі абароніць Беларусь і Казахстан, абнадзеілі расійскія СМІ пасля сустрэчы Уладзіміра Пуціна са сваімі “бяспечнікамі”. Бараніць найперш будуць інтэграцыйны праект Расіі, Беларусі і Казахстана ад спроб “затармазіць інтэграцыйную працу”.

“І тут могуць быць выкарыстаныя самыя розныя прылады ўціску, нават механізмы так званай мяккай сілы”, — заявіў кіраўнік Расіі.

Але наколькі бяспечная гэтая “абарона” для Беларусі і яе грамадзян? Падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Валерый Костка ўпэўнены – абарона “інтэграцыйнага праекта Пуціна” спецыялістамі ФСБ на тэрыторыі нашай краіны найперш ударыць па нацыянальна свядомых беларусах.

Валерый Костка: “Сваімі схаванымі метадамі спецслужбы будуць спрабаваць нейтралізаваць нацыянальна актыўных грамадзян, якія выступаюць за тое, каб было адраджэнне незалежнай беларускай дзяржавы, беларускай нацыі”.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ўпэўнены – гэтая заява Пуціна паказвае, што інтэграцыя Беларусі, Расіі і Казахстана пераследуе не толькі эканамічныя інтарэсы. Інтэграваць у Крамлі хочуць і спецслужбы трох краін. Праўда, з адным удакладненнем.

Раман Якаўлеўскі: “Узмацненне гэта, пра якое кажа Пуцін, павінна адбыцца за кошт, умоўна кажучы, дамінавання ФСБ над сваімі калегамі з Беларусі і Казахстана”.

І таксама ўпэўнены – гэтае ўзмацненне прывядзе да ўзмацнення кантролю за грамадзянскай супольнасцю. А таксама да росту напружанасці ва ўзаемаадносінах з нашымі бліжэйшымі “еўрасаюзаўскімі” суседзямі – Польшчай, Літвой, Латвіяй.

У той жа час, Валерый Костка не выключае, што “дапамога” ФСБ беларускім калегам у барацьбе з “ворагамі інтэграцыі” можа прывесці да пэўнага супрацьстаяння спецслужб нашых краін. А ўсё таму, лічыць суразмоўца Еўрарадыё, што ў кіраўніцтва Беларусі і Расіі могуць быць розныя разуменні аб “шчыльнасці” канчатковай інтэграцыі.

Валерый Костка: “Паміж сабой яны могуць сутыкацца з-за пытання, у якой ступені інтэграцыя каму патрэбная. ФСБ будзе ісці да канца, спрыяць поўнай інтэграцыі, а КДБ будзе супраціўляцца, калі наш кіраўнік будзе не гатовы інтэгравацца па схеме ФСБ і Пуціна”.

Раман Якаўлеўскі ўпэўнены: не знешнія ворагі сёння найперш пагражаюць інтэграцыі трох краін. Словы Пуціна пацвярджаюць, што праціўнікаў у гэтага праекту хапае і ўнутры нашых краін. І сведчаць – інтэграцыя ідзе не так шпарка, як таго хацелася б Крамлю.