Імпарцёр: Добра, што нашыя пастаўшчыкі ведаюць, з якой краінай працуюць

“Мы шукаем некага, хто пагадзіўся б прадаць банку валюту. Вядзем іх у банк за руку. І банк прадае нам тую валюту, якую яны прададуць банку”, — на такія вынаходлівыя крокі ідуць беларускія прадпрыемствы, каб набыць валюту.

Абмежаванне імпарту і месячная паўза на валютна-фондавай біржы не маглі не паўплываць на беларускі імпарт. Формула простая: калі ў імпарцёраў няма валюты, каб набыць тавар за мяжой, — на прылаўках нашых крамаў няма гэтага тавару.

17 сакавіка ў інтэрнэце з'явіліся чуткі, што захадамі Нацбанка як нагодай для падвышэння коштаў скарысталіся імпарцёры офіснай тэхнікі. Еўрарадыё абтэлефанавала шэраг фірмаў, дзе гэтую інфармацыю абверглі. Хаця некалькі гандляроў праз “высокія дэвальвацыйныя чаканні” часова перапынілі продажы:

“Ноутбукі ў нас пакуль толькі па бязнале. І мы іх пакуль увогуле не адгружаем”.

А ў іншай канторы ў адказ на прапанову разлічыцца за ноўтбук беларускімі рублямі вельмі здзівіліся:

— А што, вам у рублях трэба? Можа, лягчэй валюту набыць?

— Дык дзе ж яе зараз набудзеш?!

— Да ладна, мы во набылі…

Складаецца ўражанне, што паніка на рынку офіснай тэхнікі ствараецца штучна.

У беларускіх імпарцёраў рыбы дык да панікі і ўвогуле не дайшло: яны не працуюць па папярэдняй аплаце і, адпаведна, маюць пэўны люфт па часе. Найперш — на перамовы са сваімі пастаўшчыкамі:

“Я асаблівага дыскамфорта не адчуваю, — распавялі Еўрарадыё ў адной з кампаній, што імпартуюць у Беларусь рыбапрадукты. — Ёсць затрымкі па дамоўленасцях. Але людзі ўваходзяць нашае становішча. Нехта з разуменнем ставіцца, нехта адмаўляе… Усё як заўжды. Але вы мусіце зразумець, што пакупка валюты на біржы — гэта не для закупкі рыбы. Перадаплаты ў нас даўно ўжо няма. Гэта для разлікаў за пастаўленую рыбу”.

Прыкладна тое самае кажуць і імпарцёры фруктаў:

“Пакуль сітуацыя не змянілася. Калі банкі і надалей будуць нам прадаваць патрэбныя аб’ёмы валюты (як яны працягваюць рабіць гэта зараз), праблемаў з фруктамі ў краіне не будзе. І на коштах гэта ніяк не адаб’ецца, бо мы ж на рынку. Падвышаеш кошты — зніжаецца попыт”, — распавёў дырэктар вялікай фруктовай кампаніі.

Але незадаволенасць сітуацыяй, як кажуць, прысутнічае ў голасе:

“Мы даўно працуем на рынку. Партнёры нашыя ставяцца да таго, што адбываецца, з разуменнем. Разумеюць, што сітуацыя за бліжэйшы тыдзень мусіць неяк “разруліцца”. І мы спадзяемся, што розум пераможа”.

А вось імпарцёры будматэрыялаў ужо ні на што не спадзяюцца. Асабліва тыя, якія працуюць з папярэдняй аплатай закупак і не маюць валютных рэзерваў, якія б дазволілі ператрываць паўзу, якую ўзяла біржа:

“Мы вельмі “патрапілі”. У нас была дамоўленасць аплаціць... Машына грузіцца 18 сакавіка, я адправіла грошы на біржу 15-га і была ўпэўненая, што валюту мне набудуць 16-га, — распавяла засмучаная бухгалтарка аднаго з мінскіх імпарцёраў будматэрыялаў. — Дагэтуль мы набывалі валюту ў банка, але для апошніх паставак банк угаварыў мяне заказаць грошы на біржы…”

Раней банк мог сам набыць валюту на біржы і перапрадаць яе імпарцёру, “наварыўшы” невялікі адсотак. Але калі на рынку запахла паленым, банк сябе з гэтай няпыльнай схемы выкрэсліў. І імпарцёр застаўся сам-насам з месяцам чакання на пустой біржы і рахункамі, якія выстаўляюць пастаўшчыкі.

“Цяпер на месяц у нас усё замарожанае. Я не ведаю… — ледзь не плача бухгалтарка. — Мы будзем нашых прадаўцоў угаворваць. Дзякаваць Богу, гэта палякі, і яны больш-менш уяўляюць, што ў нас дзяржава з забабонамі… Пойдуць яны нам насустрач ці не — не ведаю…”

Нескладана здагадацца, што перапыненне закупак з-за мяжы на месяц пагражае рынку дэфіцытам будматэрыялаў.

“У нас зараз вымятаюць усё, — працягвае жанчына. — Стаяла нейкая ўкраінская сантэхніка, на якую ўвогуле ніхто не глядзеў, якую мы ўжо і не спадзяваліся прадаць… Але, як толькі ўсё гэта грымнула, буйныя супермаркеты — “Мацярык”, “Ома” — разабралі ў нас усю гэтіую сантэхніку…”

Адзінае выйсце, якое прапануе ў гэтай сітуацыі банк, выглядае камічна:

“Па крэдытах, якія мне трэба гасіць, банк ідзе насустрач. Яны сказалі, што, хаця і са стратамі, яны будуць прадаваць нам валюту на пагашэнне іх крэдытаў. А вось з закупкамі яны прапануюць толькі адно выйсце: мы шукаем некага, хто пагадзіўся б прадаць банку валюту. Вядзем іх у банк за руку. І банк прадае нам тую валюту, якую яны прададуць банку”.

Пакуль імпарцёрам будматэрыялаў не да смеха, імпарцёры рыбы распавядаюць пра манетарную палітыку Нацбанка анекдоты:

“Сустракаюцца два сябра. Адзін пытаецца:

— Ты пісюн камара бачыў?

А другі адказвае:

— Не… Вельмі тонкая рэч…”

На фота: рыба жахаецца сітуацыі на валютным рынку Беларусі. Імпарцёры (пажадалі застацца за кадрам) захоўваюць спакой.