Хто з выбітных беларускіх спартсменаў можа завяршыць кар’еру?

Залаты медаліст Гульняў у Афінах (2004 год) Ігар Макараў адчувае ў сабе сілы змагацца за медалі на топ-спаборніцтвах. Але ці працягне кар’еру — гэта пытанне.

“У прынцыпе, у нашых планах — працягваць дужацца. Але сітуацыя такая, што мы папросту не ведаем, на якім свеце апынемся. Будзе зарплата, не будзе, — дзеліцца з Еўрарадыё Уладзімір Асін, трэнер дзюдаіста. — Куча бытавых пытанняў, ад якіх будзе залежаць рашэнне Ігара — працягваць кар’еру ці не”.

Нагадаем, што пасля золата на Алімпіядзе Макараў заваёўваў срэбра і бронзу на першынствах Еўропы (2007 і 2009 гады). На Гульнях у Лондане Ігар у прызы не трапіў.

Не толькі Макараў, але і многія іншыя беларускія спартсмены чакаюць канца кастрычніка, калі Міністэрства спорту паведаміць пра памеры будучага фінансавання. 

Залаты медаліст Пекіна Андрэй Арамнаў, які, парваўшы мышцу, не паехаў на Гульні ў Лондан, цалкам аднавіўся ад траўмаў, пачаў трэніравацца і называе сябе “самым здаровым спартсменам”. Але рашэнне наконт працягу кар’еры канчаткова не прыняў — таксама чакае інфармацыі наконт дзяржаўнай фінансавай падтрымкі. 

Двухразовы срэбны прызёр Алімпіядаў Андрэй Рыбакоў, які траўмаваўся на Гульнях у Лондане і не трапіў у прызы, таксама не паведаміў пра сыход са спорту.

Штангістка Настасся Новікава чакала, што здолее як мінімум здабыць медаль на Алімпіядзе ў Лондане і пайсці пасля гэтага на заслужаны адпачынак. Але павярнулася інакш: найважнейшую спробу атлеткі не залічылі суддзі, на п’едэстал яна не трапіла. Цікавімся, ці працягне Настасся выступаць пасля гэтага.

Настасся Новікава: “У гэтым годзе нічога не буду рабіць, адпачываю. На атэстацыю я прыйду, пакуль выступаць не адмаўляюся”.

Канаісты Аляксандр і Андрэй Багдановічы тлустым почыркам упісалі сябе ў гісторыю беларускага спорту: узялі золата на Гульнях у Пекіне (2008 год) і срэбра на апошняй Алімпіядзе ў Лондане. Прайшлі чуткі, што старэйшы з братоў, Аляксандр, думае пра завяршэнне кар’еры.   

“Такое ўпершыню чую ад вас, для мяне гэта навіна, — здзіўляецца выканаўчы дырэктар Беларускай асацыяцыі каноэ Сяргей Шаблыка. — Яны будуць працягваць займацца, таму што кар’ера, можна сказаць, на ўзлёце. Аляксандр Багдановіч — 1982-га года нараджэння, то бок яму будзе 30 гадоў. У нас 33 гады Вадзіму Махневу (срэбнаму медалісту лонданскіх Гульняў у складзе байдаркі-двойкі. — Еўрарадыё), і ён не збіраецца завяршаць кар’еру. Навошта? Усё ж атрымоўваецца”.


Не сканчае трэніравацца і легендарная двухразовая алімпійская чэмпіёнка Кацярына Карстэн, якой споўнілася 40.

Срэбная медалістка Лондана ў мастацкай гімнастыцы Любоў Чаркашына паведаміла, што не паедзе на наступныя Гульні ў Рыа-дэ-Жанэйра. Ці завяршыла яна выступленні ў вялікім спорце? 

“Не, гэта няпраўда. Мы зараз у зале, Любоў рыхтуецца ехаць на клубны чэмпіянат свету, — кажа галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская. — Далей яна едзе выступаць на чэмпіянат Італіі за клуб. Любоў і сапраўды сказала, што не паедзе на Гульні ў Рыа-дэ-Жанэйра. Сказала, што нават калі заваюе ліцэнзію, то падорыць яе маладой гімнастцы”.

Алімпійскаму чэмпіёну Гульняў у Лондане Сяргею Мартынаву — 46 гадоў. Але пра сыход з вялікага спорту і думак няма. У размове з Еўрарадыё стралок паведамляе пра свой найбліжэйшы старт:  

Сяргей Мартынаў: “Фінал Кубку свету ў Бангкоку. Праз месяц”.

Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі ніводнага медаля на Алімпіядзе не ўзялі лёгкаатлеты. У камандзе адбываецца змена пакаленняў. 

Ці сыходзяць з вялікага спорту лёгкаатлетычныя зоркі мінулых гадоў? 

Штурхальніца ядра Яніна Правалінская-Карольчык, алімпійская чэмпіёнка Сіднея (2000 год) не набліжалася да п’едэсталу на Гульнях у Пекіне і Лондане. Цікавімся, як сябе сёння адчувае атлетка і якія ў яе планы.

Яніна Правалінская-Карольчык: “Усё добра, адпачыла, узнавілася. Можна далей прыступаць да працы. Галоўнае, каб дазваляла здароўе, каб не было траўмаў. Самы галоўны старт наступнага года — чэмпіянат свету ў Маскве”.

Срэбны прызёр Гульняў у Пекіне Вадзім Дзевятоўскі днямі стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Яму не да трэніровак.

Бронзавы прызёр Гульняў у Пекіне Іван Ціхан не змог выступіць у Лондане з-за станоўчай допінг-пробы, якую праз гады знайшлі ў аналізах, узятых падчас Алімпіяды ў Афінах. Але пра завяршэнне кар’еры Ціхан не паведамляе.

Атрымаўшы золата на стометроўцы падчас Гульняў у Афінах (2004 год), Юлія Несцярэнка больш нічога не выйгравала, але працягвала трэніравацца. Перад Алімпіядай у Лондане бягуха траўмавала ступню. Ці скончылася на гэтым спартовая кар’ера Юліі? Аказваецца — не, паведамляе яе трэнер і муж Дзмітрый Несцярэнка.

Дзмітрый Несцярэнка: Пакуль трэніруецца, бегае. Ступня яшчэ баліць. Займаецца ўжо як месяц, бегае кросы”.

Цікавімся ў Дзмітрыя, ці мае яго спартсменка патэнцыял, каб зноўку скарыць п’едэстал на якіх-небудзь топ-спаборніцтвах.

Дзмітрый Несцярэнка: “Ды ёсць яшчэ патэнцыял, але баліць нага, Юлія думае пра гэта ўвесь час, самі разумееце. Трэніруемся, працуем, чакаем, што нага пройдзе”.

Як стала вядома Еўрарадыё, працоўныя кантракты лёгкаатлетаў заканчваюцца ў канцы года. Тады і стане канчаткова вядома, хто са спартсменаў сыдзе з вялікага спорту.