Гурт Re1ikt выпусціў кліп "3 хвіліны" (глядзець)
Ён прысвечаны ўсім, хто калі-небудзь з'язждаў з роднага гораду. Хлопцы з Re1ikt рабілі гэта не раз, праклаўшы па Беларусі маршрут Светлагорск — Гомель — Мінск.
Колішнія пераможцы "Бардаўскай восені", гурт Re1ikt выпусціў кліп "3 хвіліны". Гэта трэцяе відэа ў кліпаграфіі музыкаў.
Кліп прысвячаецца ўсім, каму даводзілася пакідаць родны горад. "Заўсёды нялёгка рабіць крок наперад, цяжка пакідаць сяброў, мясціны, якія зрабіліся роднымі. Таму перад кожным важным крокам трэба спыніцца на момант, падумаць, даць волю ўспамінам, як казалі раней беларусы, прысесці на дарожку. Менавіта гэтым адчуванням прысвечаная нашая песня "3 хвіліны", — кажа бубнач гурта Аляксандр Дземідзенка.
"3 хвіліны" цягнуцца вельмі павольна. Рэжысёр кліпа Кацярына Крычко (раней здымала для Deadmarsh, Kaltherzig) засяродзілася на партрэтных здымках музыкаў, якія граюць сваю песню. Такім чынам, "3 хвіліны" сапраўды прысвечаныя вандроўнікам — у прасторы і ў музыцы.
Цікава, што, не зважаючы на назву, відэа мае працягласць 4 хвіліны 23 секунды.