Гурт Neuro Dubel пачынае працу над новым альбомам

Гурт Neuro Dubel актыўна працуе над новай праграмай, запіс якой плануе ўжо на пачатак снежня. Пакуль гатовыя восем песень з запланаваных дванаццаці, але ўжо зараз можна сказаць, што ён будзе моцна адрознівацца ад папярэдніх дыскаў.

"Ён увогуле непадобны на апошнія альбом, бо ён зусім няцяжкі, – апісвае будучы альбом лідар гурта Аляксандр Кулінковіч. – На дадзены момант там толькі адна цяжкая песня з васьмі гатовых. Астатнія ўсе такія лёгенькія, невялічкі панчок, ёсць увогуле лаціна-амерыканская песня, амаль басанова. Агулам альбом вельмі вясёлы ды пазітыўны. То бок канцэпцый мы не выбудоўвалі, проста вось так напісалася і пайшло".

Пакуль плануецца, што новы альбом атрымае назву "Жаба". Кулінковіч тлумачыць гэта сваёй несхаванай любоўю да гэтых земнаводных.

Выдаць дыск Neuro Dubel плануе ўжо вясной наступнага года.