Глыбоцкага актывіста Яраслава Берніковіча выклікаюць у суд
Яго хочуць пакараць за пікет, які прайшоў месяц таму з дазволу мясцовых уладаў.
Міліцыянты сёння прыехалі на працоўнае месца да глыбоцкага актывіста Яраслава Берніковіча. Яны правялі апытанне па факце правядзення пікета салідарнасці з палітвязнямі.
Берніковіч: “Прыйшлі з заявай ад старшыні райвыканкама, што нібыта былі парушэнні падчас пікета: “выкарыстоўваліся незарэгістраваныя агітацыйныя матэрыялы, пікетаванне скончылася ў 14:00, а павінна было ў 14:00. Была ўстаноўленна палатка”.
Пікет адбыўся яшчэ 19 сакавіка і быў афіцыйна дазволены мясцовымі ўладамі. Але амаль праз месяц, 18 красавіка, глыбоцкі райвыканкам накіраваў ліст за подпісам старшыні Алега Морхата ў раённы аддзел міліцыі з патрабаваннем "даць прававую ацэнку" дзеянням пікетоўшчыкаў. У лісце згадваліся такія парушэнні, як раздача нейкіх агітацыйных матэрыялаў, устаноўка палаткі і парушэнне вызначанага тэрміну правядзення пікету.
Склаўшы адміністрацыйны пратакол, спадару Берніковічу ўручылі позву ў суд на 5 траўня. Як паведаміў Яраслаў Берніковіч, пікет быў скончаны на 10 хвілін раней, чым пазначана ў паперы з райвыканкама. Па яго словах, у гэты дзень ішоў дождж, таму "ў мэтах захавання здароўя" удзельнікаў пікету была выстаўлена палатка.
Дарэчы, на пікеце прысутнічаў мясцовы ідэолаг Міхаіл Чарапкоўскі, які фатаграфаваў удзельнікаў пікету. Гэтыя фатаздымкі цяпер прыкладзеныя да справы.