Гісторыкі патрабуюць грамадскіх слуханняў па аднаўленні Мінскага замчышча

Гісторыкі неаднаразова звярталіся ў Мінгарвыканкам з прапановай грамадскага абмеркавання праекту. Як нагадвае nn.by, праект "Мінскае замчышча. Паўднёва-ўсходняя частка. Нацыянальны гісторыка-археалагічны цэнтр" распрацавалі ў "Мінскпраекце". Аднак на запыты абаронцаў помнікаў Мінгарвыканкам даваў адмоўныя адказы.

Таварыства аховы помнікаў расцэньвае гэта як спробу гарадской адміністрацыі рэалізаваць праект, адным з аўтараў якога з’яўляўся былы галоўны архітэктар сталіцы Нікіцін. Гісторыкі кажуць, што праект распрацаваны з парушэннямі шматлікіх нарматыўна-прававых і метадычных дакументаў. Акрамя таго, лічаць абаронцы помнікаў, у гэтым выпадку можна гаварыць пра верагоднасць карупцыі.