Гэта быў не крадзеж, а ператрус

Як паведаміў БелаПАН старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Валерый Пуціцкі, 15 сакавіка пры яго адсутнасці невядомыя выламалі дзверы ў прыватным доме, дзе арандуюць офіс шэраг дэмакратычных аб'яднанняў. З офіса выкралі камп'ютар, прынтар і ноўтбук.

"Я даведаўся пра гэта 16 сакавіка, калі прыйшоў туды і ўбачыў, што дзверы выламаныя і рэчы выкрадзеныя, і звярнуўся ў міліцыю. Яны прынялі заяву, абяцалі разабрацца, выехалі на месца ўчынення злачынства, сталі праводзіць следства — фатаграфаваць у прыватнасці. Але потым участковы паведаміў міліцыянерам, што гэта быў не крадзеж, а вобыск, які праводзілі супрацоўнікі КДБ", — расказаў Пуціцкі.

Ён мае намер абскардзіць незаконныя, на яго погляд, дзеянні чэкістаў.