Генпракуратура: калі чалавек не можа здаць іспыты ў ДАІ, то пытанні да школ

Гепракуратура патрабуе, каб аўташколы больш адказна ставіліся да навучання кіроўцаў. З гэтай нагоды былі распрацаваныя адпаведныя прапановы. Сярод іншага прадугледжваецца паўторнае навучанне ў аўташколе, калі чалавек не здолеў здаць іспыты ў ДАІ з трох спробаў. Зразумела, з новай аплатай за навучанне.

Цяпер прапановы Генпракуратуры накіраваныя на ўзгадненне ў адпаведныя ведамствы. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік прэс-службы Генпракуратуры Пётр Кісялёў:

“Гэта мы ўжо ў Саўмін накіравалі. Каб там ужо Мінтранс далучыўся —  яны ж курыруюць навучанне. І ў МУС накіравалі прапановы, каб іспыты больш адказна прымалі”.

Па словах Кісялёва, калі чалавек не здолеў з некалькіх спроб здаць іспыты ў ДАІ, то мусяць узнікнуць пытанні да аўташколы. Калі аўташкола дапускае такога “аўтааматара” да іспытаў, а ён іх не здольны здаць, то як яго ў той школе вучылі? Не выключана, што ад аўташкол запатрабуюць значна павялічыць колькасць гадзінаў практычных заняткаў за рулём аўтамабіля. Бо 8 гадзінаў, як гэта цяпер ёсць у большасці школ, катастрафічна мала, лічыць прадстаўнік Генпракуратуры.

Калі прапановы Генпракуратуры набудуць моц, Пётр Кісялёў адказаць не можа. Усё будзе залежаць ад таго, як хутка прыйдуць адказы з Мінтранса і МУС.

Фота — wmn.by