Гандляры цацкамі: Плюшавы мішка ― цацка для дарослых!
У дзяржаўных крамах скардзяцца, што мядзведзікам зрабілі антырэкламу. Але попыт на іх не змяншаецца!
120809 Swiardlou Miadzviedz_0.mp3
“Набыў матулі плюшавага мішку на Дзень народзінаў. Мішкі цяпер у трэндзе, чо!” ― гэты твіт падштурхнуў Еўрарадыё зрабіць рэйд па цацачных крамах. Нас цікавіць пытанне: ці ўзраслі ў Мінску продажы плюшавых мішак?
“Ёсць цацкі, папулярныя ў дзяцей, і цацкі, папулярныя ў дарослых, ― распавядае супрацоўніца цацачнай секцыі ЦУМа. ― І калі дзеці, у асноўным, рэагуюць на раскручаныя брэнды, на тое, што рэкламуецца, дык падыход дарослых больш практычны. Апошнімі днямі набываюць “пясочныя” наборы, мячыкі, бадмінтон і фрызбі”.
Таксама добра разбіраюць настольныя гульні, якія дапамагаюць дзецям навучыцца чытаць і пісаць. Натуральна, хутка ж у школу! Пераводжу размову на іншыя сезонныя падарункі “для дарослых”.
“Плюшавую цацку можна падарыць і ў 18, і ў 20, і ў 60 гадоў, ― працягвае прадавачка ЦУМа. ― А час мядзведзікаў у нас ― гэта 8 сакавіка і Дзень Святога Валянціна. Вось, пад гэтыя святы плюшавыя мішкі і разыходзяцца найлепш”.
Сёлета, як і заўжды, мішкі карыстаюцца найбольшым попытам узімку і вясной. Выключаю дыктафон і чую з-за спіны ўздых жанчыны, якая ўзгадняла магчымасць размовы: “Пра плюшавых мядзведзікаў лепш было не казаць…” Міжнароднаму рэзанансу, які набылі плюшавыя цацкі, тут не рады. Але, кажуць, попыт на мядзведзікаў ёсць.
У краме “Матрошка” таксама поўна мішак. Ледзь дастаю фотаапарат ― чую пытанне супрацоўніка крамы: “Для чаго здымаеце?” Адказваю, што выбіраю падарунак для дзяўчыны. “Дык во мядзведзікі: іх і ўлетку, і ўзімку бяруць!” ― адразу ж раяць мне.
Што праўда, размятаць з палічак плюшавыя цацкі не спяшаюцца. Нягледзячы на тое, што мядзведзікаў можна знайсці на любы густ. Вось кудлаты ― проста стоадсоткавы варыянт.
А гэты ― белы. Але калі націснуць на пімпачку, пад “скурай” запальваюцца каляровыя лямпачкі.
“Спачатку чырвоныя, пасля зялёныя. Нічога такі! ― паказвае тавар супрацоўнік “Матрошкі”. ― І па кошце нармальна ― 150 рублёў”.
Яшчэ адзін белы мядзведзік трымае ў лапах вялізнае чырвонае сэрца. Але дзяўчынка, якая праходзіць побач, патрабуе ад бацькоў вялікую шэрую котку.
Запраўка United Company на выездзе з Мінска ― адно з самых вядомых месцаў у горадзе, дзе прадаюць плюшавых мішак. Кіруюся туды, каб даведацца, як продажы.
“Яны засталіся дакладна такімі ж. Людзі міма не праходзяць”, ― адказвае на маё пытанне супрацоўнік кавярні, у якой прадаюцца мядзведзікі. Выбіраю сабе з кошыка мішку-жаніха і задаволены з’язджаю з кавярні: цяпер і ў мяне ёсць трэндавы падарунак!
Фота: Еўрарадыё.