ФК "Гомель" возьме галкіпера з Сербіі?
Навічок вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе ФК "Гомель" запрасіў на зборы галкіпера з Сербіі.
Па словах дырэктара клуба Яўгена Пабалаўца, напярэдадні сезона варатары застаюцца галоўнай кадравай праблемай, што стаіць перад камандай.
"Магу адкрыць вам сакрэтную інфармацыю. На зборы ў Турцыю да нас прыедзе сербскі варатар, з першай лігі Сербіі. БАТЭ днямі "падпісалі" сербскага абаронцу Сіміча — дык вось, ён ці то з таго ж клуба, ці аднекуль побач. Мы яго яшчэ пакуль не бачылі. Ён толькі прыедзе і апошнюю гульню — з "Аркай" (Гдыня) — будзе стаяць у варотах", – распавёў Еўрарадыё Пабалавец.
Таксама нам стала вядома, што днямі на прагляд у Гомель прыязджаў варатар з Украіны. Крыху раней шэрагі “зялёна-белых” папоўніў галкіпер жодзінскага "Тарпеда" Уладзімір Бушма. Але зараз ён не можа трэніравацца з камандай праз траўму.
Яўген Пабалавец: "Літаральна ўчора знялі спіцу… Трэба яшчэ як мінімум 2 тыдні на рэабілітацыю. А пасля — пакуль ён там набярэ гульнёвыя кандыцыі… Пройдзе час. Так што, па вялікім рахунку, патрэбен яшчэ адзін варатар".
Такім чынам, калі сербскі галкіпер добра праявіць сябе падчас турэцкіх збораў “Гомеля”, ён зробіцца асноўным варатаром каманды.