Еўракамісіі парэкамендавалі дапоўніць "чорны спіс" беларускіх чыноўнікаў

У наступным месяцы міністры замежных спраў краін Еўрасаюза ацэняць прагрэс Беларусі ў сферы дэмакратыі і правоў чалавека і прымуць рашэнне, спыніць ці працягнуць візавыя санкцыі ў адносінах да Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу беларускіх чыноўнікаў.

Маніторынг развіцця сітуацыі ў нашай краіне з лістапада 2008 года да верасня 2010-га падрыхтавалі Асамблея дэмакратычных НДА, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі хельсінскі камітэт і іншыя няўрадавыя арганізацыі. Яго мэта – прадставіць найбольш аб'ектыўную інфармацыю напярэдадні рашэння Савета міністраў ЕС, кажа старшыня Беларускага хельсінскага камітэта Алег Гулак.

Алег Гулак: "Многія беларускія, а перш за ўсё еўрапейскія палітыкі і эксперты мелі вялікія чаканні ад той лібералізацыі, якая была абвешчаная ў сярэдзіне 2008 года. І важна, каб людзі не выдавалі чаканае за рэальнае".

А рэальнасць, як вынікае з аналізу спецыялістаў, зусім не радасная.

Алег Гулак: "Сістэмных зменаў не адбылося, сістэма застаецца не спрыяльнай і для грамадзянскай супольнасці, і для журналістаў, і ўвогуле для дэмакратыі і правоў чалавека. Улады спрабавалі знізіць яскравасць і жорсткасць рэпрэсій, іх стала менш. Стала меней шматмільённых штрафаў і шматсуткавых пасадак. Але мы не можам сказаць, што заўтра яны не могуць паўтарыцца, бо чыноўнікі не атрымалі сігналу, што сістэма змянілася і трэба працаваць па-іншаму".

Як вынікае са слоў праваабаронцы, першая з асноўных умоваў Еўрасаюза для паляпшэння адносін (адсутнасць палітычных зняволеных), не выкананая.

Алег Гулак: "У Беларусі застаецца праблема палітзняволеных. Мы лічым, што ўсе людзі, якія былі асуджаныя па справе Аўтуховіча – палітзняволеныя"

Апрача таго, праваабаронцы нагадваюць, што Максім Дашук, асуджаны па "справе 14-ці", дагэтуль адбывае пакаранне, Сяргея Каваленку асудзілі на абмежаванне волі, затрыманы Міхась Башура.

Што да зменаў у выбарчым заканадаўстве ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ (другая ўмова Еўрасаюза), то "папраўкі не закранулі такіх ключавых праблем, як забеспячэнне празрыстасці пры падліку галасоў і прадастаўленне магчымасці для канструктыўнага назірання за галасаваннем, падлікам галасоў і падвядзеннем вынікаў", адзначаецца ў маніторынгу.

Адносна права на свабоду выражэння і СМІ (трэцяя ўмова), то праблема доступу да інфармацыі, па словах старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанны Літвіной, апошнім часам "неверагодна абвастрылася".

Жанна Літвіна: "Сярод хранічных праблем – невырашаная праблема з роўнымі эканамічнымі ўмовамі для СМІ з рознай формай уласнасці, распаўсюд недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў, акрэдытацыя журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ, а цяпер і рэгуляванне інтэрнэта пасля ўступлення ў дзеяння ўказа №60".

У сферы права на свабоду сходаў і асацыяцый, а таксама прававога становішча недзяржаўных арганізацый (чацвёртая ўмова), шэраг адзінкавых выпадкаў рэгістрацый меў месца, кажа кіраўнік Выканаўчага бюро Асамблеі НДА Сяргей Лісічонак. Але "юрыдычны статус застаецца недасягальнай раскошай для палітычных і праваабарончых арганізацый", адзначаецца ў маніторынгу. Да таго ж, артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу, які забараняе дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, па-ранейшаму не адменены.

Урэшце, Беларусь працягвае выкарыстоўваць смяротныя пакаранні (пятая асноўная ўмова ЕС).

Алег Гулак: "У гэтым пытанні поўная адсутнасць прагрэсу. Хаця размовы вядуцца. Але іх можна весці шмат, а пакаранне застаецца".

Беларускія эксперты разам з маніторынгам падрыхтавалі пяць рэкамендацый еўрачыноўнікам.

Сяргей Лісічонак: "Па-першае, пакуль не будзе грунтоўнага прагрэсу ў паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека, не адмяняць візавыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў".

Еўракамісіі таксама раяць прыпыніць дзеянне санкцый на наступныя шэсць месяцаў, каб ахапіць прэзідэнцкую кампанію і магчымыя рэпрэсіі пасля яе.

Па-трэцяе, еўрачыноўнікам рэкамендуюць распрацаваць больш эфектыўную сістэму санкцый і пасля выбарчай кампаніі, напрыклад, аператыўна пашыраць "чорны спіс" вінаватых у парушэннях правоў чалавека.

Да таго ж, рэкамендавана падрыхтаваць даклад па сітуацыі ў Беларусі па канкрэтных крытэрыях і ўцягнуць грамадзянскую супольнасць у дыялог паміж ЕС і Беларусі на ўсіх яго этапах. Нарэшце, еўрачыноўнікам рэкамендуюць выключыць дапамогу беларускім рэпрэсіўным інстытутам (МУС, мясцовыя выбарчыя камісіі, судовыя інстанцыі, мясцовыя выбарчыя камісіі), але павялічыць дапамогу, скіраваную на правядзенне рэформаў.