Эстэтычная гімнастыка. Прыгажосць і дзявочая грацыя (фота, відэа)
Новы від спорту, у якім траўмы і звышнамаганні зведзены да мінімуму, развіваецца ў Беларусі. Еўрарадыё пабывала на трэніроўцы ў эстэтычных гімнастак.
“У чым прывабнасць эстэтычнай гімнастыкі: тут нагрузка падзяляецца пароўну на дзве нагі — 50% на правую, 50% на левую. То бок скаліёзу ў нашых гімнастак быць не павінна, таму што ўсё роўна, ўсё на мышцах”, — тлумачыць асаблівасці новага віду спорту Лізавета Багрова, трэнер мінскага клуба эстэтычнай гімнастыкі “Сільфіда”.
Лічыцца, што ідэі эстэтычнай гімнастыкі распрацавала знакамітая амерыканская танцоўшчыца Айседора Дункан, жонка паэта Сяргея Ясеніна. А развівацца новы від спорту пачаў каля 100 гадоў таму ў Фінляндыі. А ў 2000-х спецыялісты зразумелі актуальнасць эстэтычнай гімнастыкі, і прыгожы від спорту пайшоў па іншых краінах.
Лізавета Багрова: “У мастацкай гімнастыцы ёсць прадметы, а тут выступленні адбываюцца без прадметаў. Усё разлічана на плаўнасць, гнуткасць, злітнасць аднаго ў іншае. Важна яскрава выразіць абраны сюжэт”.
Арганізаваць клуб дапамагла галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская.
У абодвух відах гімнастыкі шмат падобнага. Напрыклад, купальнікі. Шыюцца яны з тканіны-сеткі, спалучанай з фарбаванай лайкрай. У добрым купальніку важна наяўнасць каштоўных каменьчыкаў, што пераліваюцца, адлюстроўваючы святло. Каштуе такі купальнік на дарослую гімнастку ад 250 да 2000 долараў.
У эстэтычнай гімнастыцы няма строгіх абмежаванняў росту і нават узроставых межаў. Хоць і зразумела, што пажылая жанчына наўрад ці надзене бліскучы купальнік, каб удзельнічаць у кампазіцыях.
Дзяўчаты з дарослай каманды перайшлі ў эстэтычную гімнастыку з мастацкай, каб даўжэй выступаць і пры гэтым абыходзіцца без траўмаў.
Маленькіх дзяўчынак, якія з нуля распачалі займацца эстэтычнай гімнастыкай, ужо каля 150. Гімнасткі Насця, Саша, Лізавета, Аліса, Аліна, Маша і Амалія хваляцца мне, што многія рэчы могуць рабіць лепш за равеснікаў.
Маленькія гімнасткі: “Калёсы, шпагаты, масткі, раўнавага — усё можам”.
Дзяўчынкі ўжо ведаюць, для чаго прыйшлі займацца эстэтычнай гімнастыкай: каб быць зграбнымі, грацыёзнымі і як мага менш хварэць.
На міжнародных стартах дарослыя беларускі з клуба “Сільфіда” сябе ўжо зарэкамендавалі і цэляць у медалі. Але не заўсёды могуць паехаць на прэстыжныя спаборніцтвы: від спорту хоць і карысны, але не алімпійскі, фінансавання няма. Звычайна каманды выжываюць за кошт спонсараў. Але ў Беларусі мецэнатаў для эстэтычных гімнастак пакуль не знайшлося.