ЕС выдаткоўвае 5 мільёнаў еўра на семінары для праваахоўнікаў з усходу

130103_eurafokus.mp3

Праграма разлічаная на 4 гады. І еўракамісар Штэфан Фюле ўскладае на яе своеасаблівыя надзеі.


“Мы верым, што супрацоўніцтва паліцэйскіх службаў можа палепшыць стан законнасці і правапарадку ў краінах, якія з’яўляюцца нашымі ўсходнімі суседзямі”, — лічыць еўрачыноўнік.


Сама ж праграма накіраваная на “павышэнне ўзроўню ведаў і ўменняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў краін Усходняга партнёрства па пытаннях паліцэйскага кіравання і барацьбы з транспамежнай злачыннасцю”.


Нягледзячы на тое, што афіцыйны Мінск амаль не ўдзельнічае ў праектах ЕС у межах праграмы Усходняга партнёрства, такога права ў яго ніхто не забіраў. А гэта значыць, што распаўсюджваецца “праваахоўная праграма” і на адпаведныя беларускія структуры. І яны ў такой супрацы, упэўнівае Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка, зацікаўленыя.


Аляксандр Цішчанка: “Усе ў гэтым зацікаўленыя — і мы, і тыя, хто прапаноўвае гэтыя праграмы!”


Наша краіна можа накіроўваць заяўкі на ўдзел у праграмах “шматбаковага фармату”. Але разлічваць на нейкую частку гэтых 5 мільёнаў еўра беларускім праваахоўнікам не даводзіцца. Справа ў тым, што праграма — “семінарная”, яна прадугледжвае навучанне, сустрэчы і абмен вопытам. Калі ж падзяліць 5 мільёнаў на 4 гады, 6 краін Усходняга партнёрства і ЕС, то сума выглядае не такой значнай.


Да ўсяго, нагадвае эксперт-міжнароднік Андрэй Елісееў, у барацьбе з транспамежнай злачыннасцю задзейнічаныя не толькі міліцыянты — і памежнікі, і мытнікі. І супрацоўніцтва ў гэтай галіне будзе толькі на карысць усім.


Андрэй Елісееў: “Сферы барацьбы з нелегальнай міграцыяй ці са злачыннасцю альбо кантрабандай алкаголю і тытуню — у супрацоўніцтве ЕС з Беларуссю ў гэтых сферах няма нічога неадназначнага і яно ідзе на карысць беларускаму грамадству”.


Але ж навучанне можа быць рознае. Асабліва калі справа тычыцца праваахоўнікаў. Так, у жніўні мінулага года нямецкае паліцэйскае кіраўніцтва мела шмат непрыемнасцяў з-за таго, што цягам трох гадоў, з 2008 па 2011, не менш за 100 прадстаўнікоў беларускіх праваахоўных органаў бралі ўдзел у трэнінгах у Нямеччыне.


Як вынікае з прэс-рэліза Еўракамісіі, праграма тэхнічная. І ў семінарах будуць браць удзел эксперты — яна не мае “міністэрскага ўзроўню”. Таму не варта шукаць ў гэтай праграме ЕС “нямецкага следу”. Андрэй Елісееў супраць таго, каб крытыкаваць прапанаванае ЕС супрацоўніцтва.


Андрэй Елісееў: “Для таго, каб у Беларусі, да прыкладу, быў уведзены бязвізавы рэжым ці хаця б спрасціўся візавы рэжым з Еўрасаюзам, то мусяць быць праведзеныя рэформы ў галіне юстыцыі і органаў унутраных спраў. А гэта прадугледжвае нейкае супрацоўніцтва МУС і органаў Еўрасаюза”.


Тым не менш падрабязны каментар з тлумачэннямі магчымых варыянтаў удзелу беларускіх праваахоўнікаў у праграме ЕС у Прадстаўніцтве ЕС паабяцалі даць крыху пазней.