"Дэвальвацыя — гэта калі рубель таннее. А дэфолт… Не памятаю...

Дэвальвацыю ў Беларусі прызначаюць на кожныя наступныя выходныя. Краіна напужаная, але ці ведаюць мінчукі, чаго яны бояцца? У дадатак да дэвальвацыі Еўрарадыё прыгадала яшчэ два страшныя словы з лексікона эканамістаў: дэнамінацыя і дэфолт. І накіравалася на мінскія вуліцы каб запытацца ў мінакоў: чаго вы баіцеся больш: дэвальвацыі, дэнамінацыі ці дэфолта?

Пачуўшы такое пытанне, людзі па-большай частцы рабілі вялікія круглыя вочы. Як тая пара нулёў, якую можна адрэзаць ад грошай пры дэнамінацыі. І адмаўляліся адказваць:

“Вось я неяк так адразу і не магу сказаць! Лепш вы мяне выключыце!” — сказала жанчына, якая баіцца адразу ўсяго, што пачынаецца на літару “д”. Наступны суразмоўца падыйшоў да пытання па-філасофску: “Я баюся толькі адной — сваёй унутранай дэвальвацыі! А астатняе — няхай будзе, што будзе! Мы ж нічога не зменім…”

З большага людзі адказвалі, што баяцца дэфолта. І гэта, у прынцыпе, правільна: дэфолт — гэта вам не нулікі з паперак выкрэсліваць! Праўда, на чым грунтуецца боязь, і што ўвогуле такое гэты дэфолт — мінакі патлумачыць не здолелі.

“Дэнамінацыя — гэта прыбяруць нулі. Дэвальвацыя — гэта рубель патаннее. А дэфолт… Не памятаю. Але, здаецца, гэта самае страшнае!”

Акрамя гэтай дзяўчыны і мужчыны, які шчыра прызнаўся, што мае вышэйшую эканамічную адукацыю, ніхто з паўсотні апытаных не здолеў патлумачыць розніцу паміж страшнымі словамі на “д”. Ды, на думку жанчыны гадоў 35-ці, справа і не ў словах:

“Падману больш за ўсё баішся, і людзі баяцца. Таго, што іх чарговы раз папросту падмануць, вось і ўсё”.