За 4 гады працы дэпутаты адхілілі толькі адзін законапраект
А ў першы дзень сваёй апошняй сесіі яны прымалі па адным праекце закона кожныя 16 хвілін.
У першы дзень дзесятай сесіі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў за 4 гадзіны працы прынялі 12 законапраектаў і ўхвалілі 3 прэзідэнцкія дэкрэты. У сярэднім на кожны з праектаў было патрачана 16 хвілін. І ніводнага дакумента з Авальнай залы не завярнулі. А, як сцвярджае намеснік старшыні Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Анатоль Глаз, такога не здаралася за чатыры гады іх працы ў парламенце.
Анатоль Глаз: "На маёй памяці не было выпадкаў, калі мы "завярнулі" законапраект".
Шчыра паспрабаваў узгадаць хоць адзін такі выпадак намеснік старшыні камісіі па пытаннях чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстанні Уладзімір Майсюк, які з'яўляецца дэпутатам ужо другі тэрмін. І, здаецца, узгадаў. Але заблытаўся, калі дакладна такое здарылася.
Уладзімір Майсюк: "Быў такі законапраект. Па-мойму, падчас мінулага склікання. Не памятаю, які, але быў. Шчыра кажучы, не памятаю — ці ў гэтым скліканні, ці ў мінулым, нават не памятаю. Патэлефануй каму-небудзь маладзейшаму, у каго памяць лепшая, шчыра скажу — не памятаю".
Але "маладзейшы" намеснік старшыні камісіі па аграрных пытаннях Уладзімір Маёраў таксама ўпэўнена кажа: законапраекты не "заварочвалі". Нават у першым чытанні.
Уладзімір Маёраў: "Такога не было. Такога не было дакладна, бо я прысутнічаў практычна на ўсіх пасяджэннях".
Дэпутат Валянціна Леаненка ўпэўненая, што такога і не магло быць — каб законапраект дэпутаты "завярнулі".
Валянціна Леаненка: "Можа скласціся ўражанне, што ўсё аднагалосна прымаем, падтрымліваем — і толькі. Насамрэч, ідзе вельмі сур'ёзная прапрацоўка па-за гэтым пленарным пасяджэннем. Пакуль да апошняй коскі не ўзгодняць усе пазіцыі, усе заўвагі, якія прыходзяць у профільную камісію, якая вядзе той ці іншы законапраект, мы гэты праект закона не выносім на разгляд".
Дэпутаты сцвярджаюць: кожны законапраект, яшчэ да разгляду ў першым чытанні, уважліва вывучаецца, абмяркоўваецца з экспертамі, кожны з парламентарыяў уносіць свае праўкі. Каб прыйсці на сесію і там упершыню пабачыць ды пачытаць нейкі праект закона — такога не бывае.
На думку Анатоля Глаза, у Авальнай зале збіраюцца людзі, якія не імкнуцца займець славу, накідваючыся з крытыкай на законапраекты.
Анатоль Глаз: "У гэтым скліканні няма тых людзей, якія хочуць мець танную папулярнасць. Вобразна кажучы — свяціцца на мікрафоне. Сур'ёзныя ўсе і на першы план выносяць тыя пытанні, якія датычацца людзей, а не асабістай персоны".
Тым не менш Еўрарадыё знайшло такі выпадак, калі дэпутаты "завярнулі" падчас разгляду ў першым чытанні праект закона "Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь". Здарылася гэта падчас другой сесіі, у чэрвені 2009 года. Законапраект накіравалі на дапрацоўку ў камісію.

Нічога пра змест адхіленага праекта закона і пра матывы народных абраннікаў невядома. Ніхто з дэпутатаў-суразмоўцаў Еўрарадыё гэты выпадак прыгадаць не здолеў.