Дэпутат Савановіч адмовіўся ад сустрэчы з былымі канкурэнтамі

Пра гэта Еўрарадыё распавядае былы апанент Міхаіла Савановіча ў Кальварыйскай акрузе №104 Таццяна Караткевіч.

Таццяна Караткевіч: “Запланаваны быў круглы стол, дзе павінен быў удзельнічаць ужо дэпутат Савановіч і кандыдаты. Учора Савановіч пацвердзіў свой удзел, а сёння ён ужо патэлефанаў і сказаў, што адмаўляецца”.

Новаабраны дэпутат ніяк не патлумачыў сваю адмову. Таццяна Караткевіч звязвае гэта з “кампаніяй” па праверцы вылучэння Міхаіла Савановіча.

Нагадаю, кандыдатам у дэпутаты яго, нібыта, вылучылі работнікі ЖЭС-48 ЖРЭА-1 Фрунзенскага раёна сталіцы. Аднак самі работнікі кажуць, што былога кіраўніка гарсавету ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не вылучалі. 

Майстар ЖЭС-48 Павел Спірын падаў заяву ў пракуратуру Мінска з просьбай праверыць, ці законна быў вылучаны кандыдат Савановіч. Да яго далучыліся яшчэ дзевяць супрацоўнікаў арганізацыі. Работнікі ЖЭС кажуць, што сходу па вылучэнні не было, а ўсё было зроблена паводле каманды кіраўніка ЖРЭА-1 Фрунзенскага раёна Васіля Шашка.

Фота — minsk.gov.by