Ці змяняліся ў назіральнікаў АБСЕ ацэнкі выбараў пасля ад’езду з Мінска?
Еўрарадыё аналізуе, ці былі адрозненні фармулёвак папярэдняга дакладу місіі АБСЕ ад ацэнак у дакладзе канчатковым.
“Назіральнікі ад АБСЕ прызналі выбары сумленнымі і празрыстымі", — сюжэт з такой падачай з’явіўся 24 верасня на тэлеканале “Еўраньюс”. Гэты канал стаў бадай што адзіным сродкам масавай інфармацыі, які пачуў менавіта такую ацэнку парламенцкіх выбараў у Беларусі.
Усе астатнія СМІ, у тым ліку карэспандэнт Еўрарадыё, запісалі на дыктафон і відэакамеры зусім іншае.
Але як высветліла Еўрарадыё, гэта не першы выпадак, калі папярэднія высновы назіральнікаў АБСЕ наконт беларускіх выбараў падвяргаліся “цэнзуры”. Так, 20 снежня 2010 года кіраўнік выканкама СНД Сяргей Лебедзеў на адмысловым брыфінгу ў Мінску заявіў, што назіральнікі ад СНД і АБСЕ(!) лічаць прэзідэнцкія выбары, што прайшлі 19 снежня 2010 года, празрыстымі і дэмакратычнымі.
"Мы бачылі, што выбары былі празрыстымі і дэмакратычнымі, учора мы бачыліся з прадстаўнікамі АБСЕ, і ў іх такое ж меркаванне”, — заявіў тады чыноўнік братняй Расіі.
Ці было такое, каб змяняліся папярэднія высновы міжнародных назіральнікаў за беларускімі выбарамі ў іх канчатковым дакладзе? Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік сцвярджае, што — так.
Мікалай Лазавік: “На мінулых прэзідэнцкіх выбарах кіраўніцтва БДІПЧ АБСЕ сфальсіфікавала вынікі назірання і замест тых вынікаў, якія давалі самі міжнародныя назіральнікі, выдалі ў сваім выніковым заключэнні палітызаванае заключэнне чыноўнікаў, якія нават не былі ў нашай краіне”.
Прэзідэнцкія выбары 2010 года. Праз некалькі гадзін пасля заявы Лебедзева кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ Герт Арэнс сказаў адваротнае:
"Пазітыўна казаць пра гэтыя выбары не ўяўляецца магчымым. Місія сур’ёзна расчараваная тым, як быў праведзены падлік галасоў пасля закрыцця выбарчых участкаў”.
Падтрымаў калегу кіраўнік місіі АБСЕ Тоні Лойд:
"Нарматыўна-прававая база ў Беларусі неадэкватная і не гарантуе правядзенне празрыстых выбараў ў святле абавязальніцтваў АБСЕ. Выбары не здолелі даць Беларусі будучыні, якой яна заслугоўвае”.
Парламенцкія выбары 2008 года. На наступны дзень пасля галасавання, 29 верасня, спецыяльны каардынатар кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ Ан-Мары Лізэн паведаміла:
“Нягледзячы на нязначныя паляпшэнні ў працэсе, выбары 28 верасня былі далёкія ад дэмакратычных”.
А цяпер папярэднія высновы пасля выбараў 2012 года. Спецыяльны каардынатар кароткатэрміновай місіі назірання за выбарамі АБСЕ Матэа Мекачы:
“Выбары — гэта калі людзі могуць свабодна прамаўляць і арганізоўвацца. Мы гэтага не бачылі ў гэтай кампаніі. Прававая база не гарантуе таго, што выбары будуць праведзеныя ў адпаведнасці з абавязальніцтвамі АБСЕ. Былі праблемы з адвольнасцю праверкі подпісаў, а таксама не хапала нейтральнасці ў арганізацыі выбараў. Больш за 96% месцаў у камісіях займалі лаяльныя да ўрада грамадскія арганізацыі і партыі”.

Высновы ад убачанага змясціліся ў некалькіх фразах, сказаных кіраўніком дэлегацыі назірання за выбарамі АБСЕ/БДІПЧ Антоніа Мілашоскі падчас прэс-канферэнцыі адмыслова па-руску.
Антоніа Мілашоскі: “У Беларусі я стаў сведкам змагарскага духу на хакейным ды футбольным матчах, але, на жаль, не бачыў суперніцтва падчас выбараў і палітычнай барацьбы. У Беларусі я пабачыў Мірскі замак, але, на жаль, я не пабачыў, што выбары былі праведзеныя ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ”.
У адказ на пытанне Еўрарадыё Матэа Мекачы абвяргае абвінавачванні ў тым, што іх ацэнка змяняецца.
Матэа Мекачы: “Мы сустракаліся з уладамі цягам некалькіх тыдняў, і з самага пачатку мы казалі пра тое, што нас заклапочвае. І мы абапіраліся на папярэднія рэкамендацыі АБСЕ. І калі вы прачытаеце прамежкавы даклад, які быў апублікаваны доўгатэрміновымі назіральнікамі БДІПЧ АБСЕ, вы ўбачыце, што наш фінальны даклад паходзіць менавіта адтуль. З тых заклапочанасцяў, якія былі выказаныя там”.

Як вынік — усе ўзгаданыя выбары былі прызнаныя недэмакратычнымі, а абраннікі — нелегітымнымі.
Фота: Змітра Лукашука