Ці могуць дэпутаты “ўхіліцца” ад сустрэчы з выбаршчыкамі?

130225_luka6uk_priem.mp3

“Гэта і сустрэчы з працоўнымі калектывамі, і прыём грамадзян па асабістых пытаннях, удзел у мерапрыемствах грамадскай значнасці, акцыі нейкія — усё, што звычайна цікавіць грамадзян”, — тлумачаць Еўрарадыё ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Звычайных грамадзян найперш цікавіць магчымасць патрапіць да дэпутата са сваімі праблемамі. І вось тут часам узнікаюць праблемы. Нягледзячы на тое, што "такія сустрэчы — абавязковыя для дэпутата".

Абмеркаваць са “сваім” дэпутатам Маратам Жылінскім пытанні кампенсацыі па яшчэ савецкіх укладах вырашыў вядомы блогер Яўген Ліпковіч. Запісаўся на прыём.

Яўген Ліпковіч: “Ніякіх праблем не было — я пазваніў па мабільным тэлефоне, памочніца сказала, што ўсё нармальна, я запісаны. А калі на наступны дзень я прыйшоў, мне сказалі, што прыёму не будзе. Ніхто мне не ператэлефаноўваў, не папярэдзіў, што прыём адменены. І нават не сказалі, з-за чаго адменены!”

Не менш абураныя былі на мінулым тыдні тыя аршанцы, якія пажадалі запісацца на прыём да дэпутата Уладзіміра Дзедушкіна па нумары, размешчаным у “Аршанскай газеце”. Высветлілася, што нумар належыць звычайнай жыхарцы Оршы. У гэтым выпадку віну за зрыў сустрэчы бярэ на сябе памочніца парламентарыя Алена Чумачэнка.

Алена Чумачэнка: “Была памылка: проста, набіраючы на камп’ютар нумар 21-31-01 — гэта мой кабінет, я пераблытала гэтыя лічбы, набрала 21-01-31”.

Паводле слоў памочніцы, час, адведзены на “працу ў акругах”, Уладзімір Дзедушкін выкарыстаў напоўніцу.

Алена Чумачэнка: “Дэпутат Уладзімір Дзедушкін прысвячае адзін дзень сваёй камандзіроўкі сустрэчы ў Дубровенскім раёне, адзін дзень — у Аршанскім раёне і трэці — сустрэчы ў горадзе Оршы ў нейкім працоўным калектыве. Так было і ў лютым”.

Чаму сарвалася сустрэча з выбаршчыкамі дэпутата Марата Жылінскага, Еўрарадыё тлумачыць сам народны абраннік.

Марат Жылінскі: “На жаль, я не мог быць — у мяне было вельмі важнае мерапрыемства, якое я не мог проста прапусціць. Сустрэча, практычна, дзень на дзень — я сам пра яе даведаўся за 2,5-3 гадзіны. Ну, усё ж у жыцці бывае! Наступны прыём у мяне 5 траўня будзе, таму я гатовы з Ліпковічам сустрэцца, пагаварыць, калі ласка!”

Што гэта было за мерапрыемства, дэпутат не ўдакладняе. Толькі кажа, што яно было афіцыйнае і з тых, якія немагчыма прапусціць. А пра “вядомага блогера Ліпковіча” і пра тое, што ад яго можна чакаць, дэпутат ведае — спецыяльна “пагугліў”.

Ці часта здараюцца такія адмены з-за, да прыкладу, нейкай замежнай камандзіроўкі дэпутата? Марат Жылінскі сцвярджае, што ў яго такая накладка адбылася ўпершыню. Алена Чумачэнка тлумачыць: такое супадзенне камандзіроўкі і асабістага прыёму ўвогуле немагчыма. Праца дэпутатаў плануецца загадзя, іншыя справы ніколі не супадаюць. Прынамсі, памочніца дэпутата Віталя Бусько такога не прыгадвае.

Памочніца дэпутата: “Асабістыя прыёмы — гэтыя два разы на месяц — ніколі не зрываюцца. Апроч таго, штодня да яго прыходзяць у Палату як да дэпутата на прыём — з ім можна дамовіцца ў любы час, у прынцыпе”.

Надзею сустрэцца са сваім дэпутатам і абмеркаваць з ім сваё глабальнае пытанне кампенсацыі савецкіх укладаў Яўген Ліпковіч не страціў — запісаўся на запланаваную сустрэчу ў траўні. Спадзяецца, гэтым разам яна не сарвецца.