Чаму спіс забароненых сайтаў трымаюць у сакрэце?

120711 Luka6uk Spisy_0.mp3

У “спіс забароненых” ужо ўнесена каля 80 сайтаў, але якіх — сакрэт. Як тлумачаць Еўрарадыё ў дзяржаўнай інспекцыі па электрасувязі Мінсувязі, гэтага патрабуе заканадаўства.


БелДІЭ: “У адпаведнасці з заканадаўствам спісы абмежаванага доступу прадстаўляюцца толькі пастаўшчыкам інтэрнэт-паслуг”.


Згодна са словамі суразмоўцы Еўрарадыё, пераважная большасць забароненых сайтаў — “па незаконным абарачэнні зброі і выбуховых прылад” і крыху інтэрнэт-старонак парнаграфічнага зместу. Інфармацыю пра наяўнасць у гэтым спісе "Хартыі'97" ці "Белпартызана" ў БелДІЭ не пацвярджаюць. Але і не абвяргаюць.


БелДІЭ: “Калі кажуць, значыць — хтосьці штосьці дзесьці бачыў. Я не магу вам ні абвергнуць, ні пацвердзіць дадзеную інфармацыю. Адзінае, магу дакладна сказаць, што ўсе рэсурсы, якія былі занесеныя, — паводле пастановы кампетэнтных органаў і з указаннем канкрэтнага парушэння, артыкула заканадаўства”.


Уцямнага адказу на пытанне, чаму нельга пабачыць спіс забароненых сайтаў, суразмоўца не дае. Толькі папярэджвае: калі такі спіс “усплыве” ў інтэрнэце, то расследаваннем “зліву” зоймуцца кампетэнтныя органы.


БелДІЭ: “Артыкула, наколькі я ведаю, за распаўсюд спіса забароненых сайтаў няма. Але паколькі вызначана, што спіс закрыты і не падлягае распаўсюду, то потым, мяркую, у органаў узнікнуць пытанні: хто яго прадставіў для публікацыі? Усе пастаўшчыкі, якія атрымалі рэквізіты доступу да гэтага спіса, былі папярэджаныя пра гэта. Я думаю, што чалавек, які мае бізнэс, ажыццяўляе нейкую дзейнасць, не будзе рызыкаваць ліцэнзіяй”.


Такая таемнасць выклікае здзіўленне ў вядомага эксперта ў галіне інтэрнэт-паслуг Юрыя Зісера.


Юрый Зісер: “Мне гэта таксама не зразумела. Паводле прынцыпу: калі гэта было ініцыявана сакрэтнымі службамі, а ў іх заўсёды ўсё сакрэтна — напэўна, так. Незалежна ад таго, ёсць рэальная неабходнасць сакрэтнасці ці няма”.


Сакрэтнасць гэтая дарэмная яшчэ і таму, што спіс усё адно хутка стане вядомы ўсім.


Юрый Зісер: “Я ўпэўнены, што ўсё адно, паколькі гэты спіс ёсць ва ўсіх правайдараў, а ў правайдараў ёсць сісадміны і іншае, то не сёння, дык заўтра гэты спіс “усплыве” ўсё адно ў інтэрнэце”.


Тым часам Дзярждума Расіі разглядае законапраект, вельмі падобны да беларускага закона, на падставе якога і з’явіўся чорны спіс сайтаў. Супраць яго выступаюць журналісты і праваабаронцы. Юрый Зісер раіць не палохацца заўчасна.


Юрый Зісер: “Тэарэтычна гэта — наступ на свабоду слова. Бо дае магчымасць ствараць спіс абмежаванага доступу на законных падставах. Але ўсё залежыць ад правапрымяняльнай практыкі — як гэта будзе ажыццяўляцца канкрэтна. Гэта не так проста: захацеў — узяў ды змясціў (сайт у чорны спіс. — Еўрарадыё). Для гэтага неабходна ўзгадненне з шэрагам розных арганізацый”.


Праўда, узгадвае сумную прымаўку: “Быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца”.

І сапраўды: калі пэўныя апазіцыйныя сайты ў гэтым спісе ёсць, то чаму невядома, на якой падставе, па чыёй ініцыятыве і за якія парушэнні іх туды ўнеслі?