Чаму нікому з палітвязняў не “змякчаюць пакаранне”?
Экс-пракурору Снегіру замянілі калонію на “хатнюю хімію”, што не рэдкасць у судовай практыцы. Тэарэтычна, па гэтай схеме могуць вярнуцца дамоў і палітзняволеныя
Шклоўскі раённы суд змякчыў пакаранне былому пракурору Мінскай вобласці Міхаілу Снегіру. Нібыта — за ўзорныя паводзіны. З 7 гадоў, прызначаных яму судом, Снягір правёў за кратамі каля 4. І тое, што засталося, будзе “даседжваць” на “хатняй хіміі”.
Гэта рашэнне суда не выклікала нікай рэакцыі з боку міністра юстыцыі Алега Сліжэўскага.
Алег Сліжэўскі: “Што тычыцца рашэння суда, то ніхто, у тым ліку і міністр юстыцыі, каментаваць вынесенае судом рашэнне не можа. Рашэнне суда можа быць перагледжанае толькі вышэйстаячай інстанцыяй, альбо апратэставанае органамі пракуратуры”.
Але і органы пракуратуры, паводле слоў кіраўніка прэс-службы Генпракуратуры Пятра Кісялёва, ніякага незадавальнення рашэннем Шклоўскага суда не выказваюць ды абскарджваць яго не збіраюцца.
Згодна са словамі праваабаронцы Валерыя Леванеўскага, выпадкі змякчэння пакарання зняволеным і пераводу іх на “хатнюю хімію” не рэдкія. І здараюцца яны не толькі з такімі значнымі зняволенымі, як экс-пракурор вобласці.
Валерый Леванеўскі: “Гэта больш праца на свабодзе: сябры, знаёмыя, сваякі — яны звяртаюцца ў розныя інстанцыі, даказваюць, што пэўныя факты не пацвердзіліся, што судом нешта было разгледжана няправільна. Хадайніцтвы вельмі вялікую ролю адыгрываюць розных важных людзей, якія могуць паручыцца за гэтага чалавека”.
А вось колькі з прызначанага судом тэрміна чалавек адсядзеў — у дадзеным выпадку не важна. Леванеўскі ўзгадвае выпадак, калі чалавека асудзілі на 4 гады, а праз тры месяцы суд прыняў рашэнне аб змякчэнні пакарання, і далейшы тэрмін той даседжваў дома. Больш за тое:
“Узорныя паводзіны — гэта апошні аргумент, але не галоўны. Бо разглядаецца пытанне не аб адмене, а аб змякчэнні пакарання — маўляў, ад пачатку прысудзілі больш жорсткае пакаранне, чым магло бы быць”, — тлумачыць працэдуру Леванеўскі.
Тым не менш, дадае прадстаўнік Генпракуратуры Пётр Кісялёў, асуджаны павінен цалкам кампенсаваць дзяржаве нанесеную сваімі дзеяннямі фінансавую шкоду.
Што тычыцца Снегіра, то ў якасці кампенсацыі суд “абмежаваўся” канфіскацыяй у экс-пракурора ўсёй маёмасці. Магчыма, у яго нават засталіся да гэтага часу сярод сяброў “значныя людзі”, якія маглі падпісаць хадайніцтвы. Але Леванеўскі схіляецца да думкі, што рашэнне прымалі "на самым версе”, без дапамогі шматлікіх зваротаў у розныя інстанцыі сваякоў і знаёмых.
Чаму ж у такім выпадку нікому з палітзняволеных не змякчылі пакаранне? Да прыкладу, усю нібыта нанесеную Алесем Бяляцкім шкоду дзяржаве кампенсавалі. Людзей, якія за яго паручыліся, таксама нямала.
“Мы ўсе магчымасці выкарысталі (каб дабіцца змякчэння пакарання для Алеся Бяляцкага. — заўв. Еўрарадыё), але яны не прынеслі ніякага плёну. Па касацыі прысуд пакінулі ў сіле, наглядная інстанцыя — Вярхоўны суд. Старшыня Вярхоўнага суда, разглядаючы справу Алеся, таксама сказаў, што там усё зроблена правільна, прысуд прапарцыйны і справядлівы”, — распавядае праваабаронца Таццяна Равяка. Дададзім: такая ж сітуацыя з Міколам Статкевічам, Змітром Дашкевічам ды іншымі палітвязнямі.
Больш дабівацца змякчэння пакарання ў адпаведнасці з заканадаўствам, працягвае Таццяна Равяка, няма ў каго. Застаецца толькі чакаць, пакуль праваабаронца правядзе за кратамі 2/3 ад прызначанага тэрміна, і падаваць дакументы на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Але ж там найперш мае значэнне “ўзорныя паводзіны”! Менавіта імі ніхто з палітзняволеных пахваліцца не можа — усе яны альбо маюць вымовы ад адміністрацыі, альбо нават пераведзеныя на больш строгія ўмовы адбыцця пакарання.
Калаж: Еўрарадыё