Чаму абвінавачаныя павінны на судзе сядзець у клетцы?
У той час як тэрарыст Брэйвік сядзеў побач з адвакатам, у нас і забойцы, і злодзеі, і ўдзельнікі вулічных акцый знаходзяцца ў клетках, хоць ААН гэта забараняе.
Вядомы беларускі мадэльер Саша Варламаў падчас суда сядзіць у клетцы. Хаця, здавалася б, ступень віны і стан абвінавачанага мог бы дазволіць быць яму разам з адвакатам.
Старшыня аднаго з раённых судоў тлумачыць Еўрарадыё, што знаходжанне абвінавачанага ў клетцы не залежыць ад цяжкасці яго злачынства ці небяспечнасці для навакольных.
Старшыня суда: “Гэта залежыць ад абранай меры стрымання. Калі мера стрымання — “утрыманне пад вартай”, то ён павінен знаходзіцца ў спецыяльна адаптаваным да Палажэння аб канвойнай службе месцы”.
Гэтая практыка асуджаная і Камітэтам па правах чалавека ААН, і Еўрапейскім судом па правах чалавека. Але захоўваецца ў нашай краіне нязменнай з часоў СССР. І здзіўляе нават адвакатаў, распавядае юрыст Тамара Сідарэнка.
Тамара Сідарэнка: “Мы так і не ведаем у прынцыпе, чаму ўсе павінны быць у клетцы. Для мяне гэта заўсёды было пытаннем. Бо калі зыходзіць з прэзумпцыі невінаватасці, то ў адносінах да асоб, якія здзейснілі няцяжкія злачынствы, хоць яны і знаходзяцца пад вартай, можна было б падчас разгляду справы не змяшчаць у клетку, а пакінуць на лаве падсудных”.
Юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла ідзе нават далей.
Гары Паганяйла: “Да набыцця прысудам моцы, асоба, якая знаходзіцца на лаве падсудных, з’яўляецца асобай не вінаватай!”
А таму і змяшчэнне людзей у клетку, незалежна ад таго, якая ў іх мера стрымання, супярэчыць усё той жа прэзумпцыі невінаватасці і роўнасці бакоў у працэсе. Праўда, нават праваабаронца робіць выключэнне з гэтых правілаў.
Гары Паганяйла: “У клетцы могуць знаходзіцца тыя, хто схільны да ўцёкаў, схільны да актаў насілля — можа накінуцца на пацярпелых ці кагосьці яшчэ”.
Усяго некалькі гадоў прайшло, як такія ж металічныя клеткі для абвінавачаных зніклі з расійскіх судоў. Суразмоўцы Еўрарадыё наўпрост звязваюць гэта знікненне з сяброўствам Расіі ў Савеце Еўропы. А вось Беларусь да гэтага часу туды не бяруць. Асноўная прэтэнзія — наяўнасць у нас смяротнага пакарання. А можа яшчэ і з-за асуджанай Еўрапейскім судом па правах чалавека клеткі ў зале суда?
Гары Паганяйла: “Не, клетка не стаіць на нашым шляху да Савета Еўропы. Бо гэтыя нюансы не прапісаныя дакладна ў гэтых дакументах. А вось адмена смяротнага пакарання — стандарт, які замацаваны ў адпаведных дакументах Савета Еўропы”.
Тым не менш, сцвярджае Паганяйла, не будзе аднаго — давядзецца і ад клеткі адмовіцца.
Гары Паганяйла: “Рыхтуючыся да ўваходжання ў Савет Еўропы, мы павінны будзем правесці вельмі сур’ёзную судова-прававую рэформу пенітэнцыярнай сістэмы. Якая павінна прывесці да большага ачалавечвання ўсёй гэтай сістэмы”.
Нагадаю, нават Андэрс Брэйвік, які прызнаўся ў забойстве 77 чалавек, сядзеў побач з адвакатам у зале суда. А мадэльер Саша Варламаў, якога абвінавачваюць у эканамічных злачынствах і які ледзь стаіць на нагах пасля амаль двух гадоў у СІЗА, сядзіць у клетцы. Але ніякія словы адваката пра яго бяспечнасць для прысутных і немагчымасць уцёкаў Варламава з гэтай клеткі на час працэсу не вызваляць.
Фота: www.gazetaby.com