Чалы: Тона венесуэльскай нафты для Беларусі патаннее на 30 долараў

Еўрарадыё: З нафтай звязана адразу некалькі цікавых пытанняў: умовы транзіту нафты праз Прыбалтыйскія парты, кошт венесуэльскай нафты — эканоміка яе паставак, а таксама сітуацыя з нафтаправодам Адэса — Броды і рэакцыяй Расіі на тое, што Беларусь і Ўкраіна дамовіліся на яго запуск у аверсным рэжыме…

Сяргей Чалы: З гэтых трох пытанняў самыя вялікія праблемы з паўночным маршрутам, бо на поўдні ўсё ўжо вырашана. У нас на поўначы два варыянты, якія канкуруюць паміж сабой: порт Клайпеда і порт Вентспілс. З апошнім такая сітуацыя: ён дастаткова паглыблены, каб прымаць нашы танкеры, а яго аператар — саўладальнік галіны нафтаправода "Паўночная Дружба", якая ідзе з Вентспілса ў Наваполацк і з'яўляецца для нас самай кароткай і выгаднай. Гэта быў бы самы зручны для нас варыянт, але 33% гэтага нафтаправода належаць расійскай "Транснафце", якая з 2006 года блакуе эксплуатацыю гэтай галінкі, як аварыйнай. Порт у Вентспілсе вельмі спадзяецца перавальваць 2,5 мільёны тон нашай нафты за год, але дамова пра гэта пакуль не падпісаная.

Ёсць ужо размовы нават пра альтэрнатыўны варыянт праз Рыгу, але там трэба заглыбляць акваторыю, бо танкеры патрэбнага нам памеру туды не пройдуць.

Еўрарадыё: Клайпедскі порт хоча гарантый таго, што мы правядзем праз яго не менш за 5 мільёнаў тон венесуэльскай нафты. Але калі праз нафтаправод Адэса — Броды пойдзе 8 мільёнаў тон, дык на Клайпеду застанецца толькі 2!

Сяргей Чалы: Я так разумею, што нашы разлічваюць з 10 мільёнаў тон венесуэльскай нафты перавальваць праз паўночныя парты не больш за палову. Глядзіце: у нас два НПЗ, адзін на поўначы, іншы — на поўдні. Іх агульная магутнасць — каля 20 мільёнаў тон. Адпаведна, нафтай ад Чавеса можна забяспечыць напалову кожны з іх. Як гэта будзе — 5 мільёнаў тон праз Клайпеду, 2,5 + 2,5 праз Клайпеду і Вентспілс, ці з прыцягненнем іншых партоў — пакуль сказаць складана.

Еўрарадыё: Але пакуль мы не дамовімся на "трубу" з Вентспілса ў Наваполацк, для нас гэты варыянт не вельмі выгадны?

Сяргей Чалы:
Думаю, што так. Сапраўды, пакуль што гаворка ідзе пра тое, што для транзіту нафты паўночным маршрутам на тэрыторыю Беларусі будзе выкарыстоўвацца толькі чыгунка.

Еўрарадыё:
Пераходзім на абмеркаванне паўднёвага маршруту.

Сяргей Чалы:
Спачатку лірычнае адступленне. Літаральна месяц таму Расія скончыла будаўніцтва БТС-2. Гэта нафтаправод, які абыходзіць Беларусь і ідзе з Унечы ў Вусць-Лугу. Праз яго выкарыстанне Расія збіраецца адмовіцца ад транзіту праз нашу тэрыторыю. А таксама, відаць, і праз тэрыторыю Ўкраіны, бо ёмістасць БТС-2 — каля 50 мільёнаў тон за год.

З паўднёвым маршрутам усё высветлілася падчас туру Чавеса па Расіі, Украіне і Беларусі. Па-першае, тады была падпісаная дамова наконт пастаўкі 30 мільёнаў тон нафты з Венесуэлы цягам 3 гадоў. Прыкладна па 10 мільёнаў тон кожны год. Пагадзіцеся, калі падпісваюцца такія дамовы, робіцца відавочна, што эканоміка паставак венесуэльскай нафты працуе. І, па-другое, было заяўлена, што Ўкраіна і Беларусь дамовіліся на выкарыстанне нафтаправода Адэса — Броды для транзіту венесуэльскай нафты і нават ужо рыхтуюцца да тэставай прапампоўкі.

Еўрарадыё:
Але Расія была супраць гэтага, і Ўкраіна яе слухалася!

Сяргей Чалы: Фактычна, гэты нафтаправод з лета пусты, бо Расія выканала ўсе кантрактныя абавязальніцтвы перад краінамі Еўропы. І якраз таму яе можна выкарыстаць для іншых мэтаў, у аверсе. Яшчэ адзін участак "Паўднёвай Дружбы" стаіць пусты паміж Бродамі і Мазыром. І вось якраз партыю ў 80 тысяч тон прапампуюць, каб падлічыць, наколькі гэта выгадна.

Еўрарадыё:
Але чаму гэта робяць толькі зараз, а не ўлетку, калі Расія фактычна ўжо вызваліла "трубу"?

Сяргей Чалы:
Таму што ідзе цікавая гульня. Украіна хацела забяспечыць сябе транзітам расійскай нафты. Каб вы разумелі, сітуацыя з транзітам у яе цяпер не з лепшых: пару гадоў таму было каля 60 мільёнаў тон нафты за год, а сёлета — толькі каля 20 мільёнаў тон. Карацей, загрузка нафтаправодаў, прыкладна, на чвэрць. Натуральна, чым ніжэйшая загрузка, тым даражэйшая прапампоўка кожнай тоны, бо ўмоўна-пастаянныя выдаткі нікуды не падзенеш!

Украіна да апошняга спадзявалася на кантракт з Расіяй. Нават ужо называліся лічбы... Украіна сёлета павышала тарыфы на 30%, недзе да 6,6 еўра ад мяжы з Беларуссю да мяжы са Славакіяй і Венгрыяй, ці 6,5 еўра да порта "Паўднёвы" — гэта канцавы пункт нафтаправода Адэса — Броды. На наступны дзень пасля таго, як Беларусь і Венесуэла дамовіліся пра 30 мільёнаў тон за 3 гады, Расія заявіла, што нібыта гатовая падпісацца на транзіт праз Украіну тых жа самых 30 мільёнаў тон за тыя ж самыя 3 гады.

Еўрарадыё:
Аднак гэтага не адбылося?

Сяргей Чалы:
Так! Фактычна парафіяванае пагадненне было сарванае. І зараз Расія гатовая гарантаваць Украіне транзіт толькі 25 мільёнаў тон нафты за 5 гадоў. Гэта ўсяго толькі 5 тон за год. Але і гэтая дамова таксама пакуль што не заключаная. То бок адбываўся такі гандаль: венесуэльскім праектам Украіна карысталася для цвіку на Расію. І, калі б расіяне забяспечыла добры транзіт, натуральна, што мы б "трубу" да Мазыра не атрымалі: дражніць Расію Ўкраіна не вырашылася б.

Еўрарадыё:
То бок у сітуацыі, калі расійскага транзіту, фактычна, няма, але ёсць венесуэльская нафта, Украіна стала нашым саюзнікам?

Сяргей Чалы: І не забывайцеся пра дабудаваны БТС-2! Афіцыйная пазіцыя Ўкраіны такая: калі вы самі абыходзіце нас і пазбаўляеце транзіту, дык хаця б не перашкаджайце нам карыстацца нашымі трубамі! І, дарэчы, цяпер Украіна, таксама, як і мы, сцвярджае, што венесуэльскі праект не накіраваны супраць Расіі. Такая згода ў нас упершыню.

Еўрарадыё:
Усё залежыць ад Расіі, якая ў кожны момант можа прэтэндаваць на выкарыстанне нафтаправода Адэса — Броды для ўласных мэтаў?

Сяргей Чалы:
Так, ды не так. Украіна прапануе Расіі іншы маршрут: Самара — Лісічанск — Крэменчуг — Адэса. Гэта так званая Прыдняпроўская трубаправодная сістэма. Транзіт праз яе таннейшы, чым выкарыстанне Адэсы — Бродаў, таму Расія не можа ад гэтай прапановы прыгожа адмовіцца! Бо калі яна скажа: не, хочам гнаць нашу нафту толькі праз Адэса — Броды, усім будзе зразумела, што гэта робіцца, каб перашкодзіць рэалізацыі венесуэльскага праекту.

Хаця сітуацыя сапраўды была вострая. Чыгуначнага транспарту нам у порце "Паўднёвы" не хапала, таксама як і магчымасцяў перагрузкі нафты на эстакадах. Таму, калі б Расія і Ўкраіна дамовіліся наконт транзіту нафты, Прыдняпроўская трубаправодная сістэма засталася б адзіным нашым варыянтам. У ёй не хапае перамычкі ад Крэменчуга да Мазыра, але ўкраінская кампанія "Транснафта" прапаноўвала пабудаваць яе за ўласныя сродкі. Ацаніце, наколькі Ўкраіне важна, каб хаця б нешта праз яе тэрыторыю цякло! Вядома ж, гэта аддаліла б 10 тон венесуэльскай нафты за год. Але магчымасць захавалася б.

Еўрарадыё:
Рэзюмую: праз высілкі Расіі Беларусь і Ўкраіна істотна губляюць транзіт нафты. Метафара Беларусі — буйной транзітнай краіны — сыходзіць у мінулае, і мы ператвараемся ў буйную нафтаперапрацоўчую краіну.

Сяргей Чалы:
Расія ўвогуле займаецца нейкім глупствам. Што па газе, што па нафце. Будуе новыя маршруты пры тым, што істотна недазагружаныя і старыя. Замест таго, каб карыстацца кароткімі і таннымі рукавамі, шыюцца новыя, доўгія. Ну вось, яны пакінулі ўкраінскую "трубу" пустой. А мы яе запоўнілі іншай нафтай.

Еўрарадыё:
Наколькі больш выгадным робіць дастаўку венесуэльскай нафты выкарыстанне нафтаправоду Адэса — Броды? Раней венесуэльскія СМІ паведамлялі, што тона "Санта-Барбары" каштуе для Беларусі 364 долары, а спецыялісты вылічылі, што кошт транспартыроўкі чыгункай вагаецца ад 80 да 100 долараў...

Сяргей Чалы:
Недзе 25-30 долараў на тону мы ашчаджаем. Плюс нейкія зніжкі прапаноўвала беларуская чыгунка, плюс Украіна збіралася паменшыць на 30% гандлёвы збор... Але і без таго гэта вельмі істотная эканомія. 30 долараў дзелім на 7 — прыкладна 4 долара Беларусь выйграе на транспарціроўцы кожнага барэлю. Такім чынам, гэта маршрут атрымліваецца да нас абсалютна выгадным. Канфігурацыя руху нафты зафіксаваная на бліжэйшыя 3 гады.

Што яшчэ для нас важна: мы нічога не ўкладаем у інфраструктуру, нічога не дабудоўваем. Мы можам карыстацца ім хоць заўтра. Ён не патрабуе дадатковых укладанняў і, на дзіва, ніяк не прыкруціш, каб ён пагражаў нечым інтарэсам.